Арт-менеджэр, арганізатар фестывалю Urban Myths, грамадскі дзеяч і стрыт-арт-мастак Алег Ларычаў затрыманы па крымінальнай справе, даведаліся праваабаронцы «Вясны».
Паводле папярэдняй інфармацыі, мужчына быў затрыманы напрыканцы лістапада, а ў снежні яго перавялі ў СІЗА па палітычна матываванай крымінальнай справе. Падрабязнасці пакуль высвятляюцца.
«Еўрарадыё» зрабіла здагадку, што, імаверна, ён праходзіць па той жа крымінальнай справе, што і гусляр Алесь Чумакоў, якога абвясцілі датычным да новага «экстрэмісцкага фармавання» – «Да Зораў».

Алег Ларычаў. Фота: TUT.by
Раней Ларычава затрымлівалі ў 2022 годзе і прызначалі яму 15 сутак арышту, дадалі праваабаронцы. У 2017 годзе яго моцна збілі невядомыя – меркавана, сілавікі, якія здзейснілі напад з помсты за грамадска-сацыяльныя графіці мастака.
Алег Ларычаў – ураджэнец Мазыра, і ў Гомельскай вобласці ў 2013 годзе арганізоўваў фестываль Must Act – Must Art, у 2021 і 2022 гадах у Мазыры – арт-проекты «Традыцыі дзеля будучыні» у сапрацоўніцтве з «Беларусбанкам», а таксама «Легенды Мазыра».

Фота: ГП
У той час, калі на Гомельшчыне яшчэ стваралі не ваенныя, а мірныя муралы, у Мазыры на фасадзе шматпавярховіка па Прытыцкага, 51А з'явілася яркае графіці «Летуценнікі».