Аляксандр Фядута расказаў пра Андрэя Паднябеннага, які скончыў жыццё самагубствам у калоніі
Пра гэта былы палітвязень
напісаў на сваёй старонцы ў Facebook.
«Ні на тэрарыста, ні на распальвальніка варожасці Андрэй падобны не быў. Высокі, спакойны, інтэлігентны, відаць, шмат чытаў і яшчэ больш думаў. Яму было 37 гадоў. Сімвалічны ўзрост.
Мы ніколі не даведаемся, што адбылося насамрэч. Што падштурхнула Андрэя да кроку, які мог быць прадыктаваны толькі поўным адчаем.
Казалі, што нібыта ён паспеў атрымаць нейкі ліст з дому. Але што магло здарыцца, каб малады мужчына, які захоўваў спакой пасля абвяшчэння прысуду аб шаснаццаці з лішнім гадах зняволення, раптам упаў у такую дэпрэсію, што вырашыў накласці на сябе рукі?
Дэпрэсія ў калоніі — з’ява страшная. У маім атрадзе мужчына, які на працягу аднаго месяца страціў жонку і маці, спрабаваў перарэзаць сабе горла, і толькі няведанне ўласнай анатоміі не дало яму памерці. Але там — дзве такія жахлівыя страты і двое непаўналетніх дзяцей, якіх аддалі ў дзіцячы дом».