Жыхар Светлагорска, які знік, вяртаючыся з Польшчы, знайшоўся ў СІЗА ў Гомелі

| Палітыка

34-гадовы жыхар Светлагорска Глеб Панасюк, якога шукалі ягоныя сябры з Польшчы, зняволены ў следчы ізалятар № 3 у Гомелі. Пра гэта праваабаронцам паведаміла крыніца ў карнай установе, піша «Гомельская вясна».

Прычым да таго Глеб адбываў арышт у ізалятары часовага ўтрымання Гомеля паводле нейкай адміністрацыйнай справы. Праваабаронцы маюць інфармацыю, што ягонае зняволенне мае палітычную матывацыю.



Глеб Панасюк. Фота: сацсеткі


8 кастрычніка Глеб Панасюк паехаў з Польшчы, дзе ён жыў і працаваў апошнія гады, у родны Светлагорск, каб адведаць бацькоў. 9 кастрычніка ён патэлефанаваў сваім сябрам у Польшчы, што прайшоў мяжу і збіраецца перасядаць на цягнік у бок Светлагорска. Але пасля гэтага сувязь з маладзёнам знікла. Ці даехаў ён да бацькоў, было невядома. 

Зараз праваабаронцы спрабуюць высветліць, у чым улады Беларусі абвінавачваюць Глеба Панасюка. Пра нейкую ягоную пратэстную актыўнасць праваабаронцы ніякіх звестак не маюць.