Як мінімум 10 былых палітзняволеных, якіх 13 снежня вызвалілі з беларускіх калоній і прымусова вывезлі ва Украіну, паходзяць з Гомельскай вобласці. Іх спіс прывяла «Гомельская вясна».
Адна з дэпартаваных – 70-гадовая Сафія Бачурынская з Гомеля. Пра яе зняволенне стала вядома сёлета ў канцы ліпеня. Пазней праваабаронцы даведаліся, што ў Гомельскім абласным судзе ёй прысудзілі два гады зняволення, абвясціўшы вінаватай ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні (частка 3 артыкула 361-1 Крымінальнага кодэкса), паклёпе на Лукашэнку (ч. 1 арт. 367 КК), абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК) і абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК).

Сафія Бачурынская. Фота: сацсеткі
Гомельца Вячаслава Бераставога асудзілі сёлета ў канцы жніўня. Яго абвясцілі вінаватым у падрыхтоўцы і арганізацыі групавых дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак ці актыўным удзеле ў іх паводле ч. 1 арт. 342 КК. Сутнасць абвінавачванняў і вынесены прысуд праз закрытасць судовай сістэмы пакуль застаюцца невядомымі. 22 жніўня МУС занесла яго ў свой “спіс экстрэмістаў”.
Жыхара Жлобіна Аляксандра Быкава сёлета ў студзені засудзілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса – ч. 1 арт. 130 КК (распальванне варажнечы), арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім), ч.1 арт. 368 і арт. 369. У красавіку ягонае імя МУС занесла ў свой “спіс экстрэмістаў”. Тэрмін, на які ўлады вырашылі зняволіць Быкава дагэтуль застаецца не высветленым.
Генадзя Іванчыкава з Буда-Кашалёва сёлета ў сакавіку да двух гадоў зняволення засудзілі паводле ч. 2 арт. 367 КК (паклёп на Лукашэнку). 5 чэрвеня МУС занесла ягонае імя ў свой “спіс экстрэмістаў”. Трымалі палітвязня ў калоніі № 8 у Воршы.
Жыхара Хойнікаў Алега Казлова пачалі судзіць у чэрвені 2023 года. І толькі 17 жніўня яму вынеслі прысуд, абвясціўшы вінаватым у распальванні варажнечы, паклёпе (арт. 188 КК), стварэнні экстрэмісцкага фармавання або ўдзеле ў ім, паклёпе на Лукашэнку, абразе Лукашэнкі і абразе прадстаўніка ўлады. Суд зрабілі закрытым, таму вынесены вырак застаецца невядомым.
Яўген Кіслоў з Гомеля у студзені 2024 года быў асуджаны да пяці гадоў зняволення. Фармальнымі падставамі для рэпрэсіі ўлады назвалі ч. 1 арт. 130 КК, ч. 1 арт. 293 (масавыя беспарадкі), ч. 1 і 2 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), ч. 3 арт. 361 (заклікі да санкцыяў), ч. 1 арт. 368 і арт. 369. КДБ Беларусі ў траўні 2024 года абвясціў яго “тэрарыстам”. Трымалі яго ў калоніі № 22 у пасёлку Даманова Івацэвіцкага раёна на Берасцейшчыне.
62-гадовую жыхарку Гомеля Ірыну Кролікаву зняволілі сёлета, абвясціўшы вінаватай ва ўваходжанні ў экстрэмісцкае фармаванне (ч. 3 арт. 361-1 КК), абразе Лукашэнкі і дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь (арт. 369-1 КК). 6 кастрычніка МУС дадало ейнае імя ў свой так званы “спіс экстрэмістаў”.
Таццяну Курыліну з Мазыра рэпрэсавалі ў сакавіку 2023 года. Фармальнымі прычынамі для рэпрэсіі ўлады назвалі арт. 130, 188, 203-1 (незаконныя дзеянні, датычна інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных), 342, 361, 366 (гвалт або пагроза гвалтам датычна службоўца), 367. Ёй прысудзілі 4,5 года зняволення. Трымалі яе ў калоніі № 4 у Гомелі.
Жыхара Чачэрска Сяргея Рудзянкова затрымалі ў лістападзе 2022 года па вяртанні з Польшчы. У ліпені 2023 года яго засудзілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса – ч. 1 арт. 130, ч. 1 і 2 арт. 361-4, ч. 1 арт. 368 і арт. 369. 12 кастрычніка 2023 года КДБ абвясціў Сяргея Рудзянкова “тэрарыстам”, а ўжо 13 кастрычніка і МУС занесла ягонае імя ў свой “спіс экстрэмістаў”. Трымалі мужчыну ў калоніі № 17 у Шклове Магілёўскай вобласці, а пазней кінулі ў турму № 4 у самім Магілёве.
9 студзеня 2023 года ў Гомелі рэпрэсавалі і мясцовага жыхара Уладзіслава Яцэнку. За надпісы на сценах будынкаў у падтрымку Украіны ў вайне, якую супраць яе распачала Расія, яго зняволілі на 1,5 года ў калонію агульнага рэжыму (арт. 341 КК).
Грамадзян Беларусі, па сутнасці, дэпартавалі ва Украіну без права на вяртанне на Радзіму. Як, дзе і за які кошт яны будуць жыць, асабліва пенсіянеркі, – пытанне застаецца адкрытым.