У Гомелі асудзілі заснавальніка арт-вёскі і яшчэ траіх зняволеных па справе «Беларускага Гаюна»

| Палітыка | 0

Праваабаронцам стала вядома, што заснавальніку арт-вёскі «Чырвоны Кастрычнік» Кірылу Краўцову быў вынесены прысуд, які набыў моц, паведаміла «Гомельская вясна». У абласным судзе яго абвясцілі вінаватым паводле ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК за паведамленне «Беларускаму Гаюну», які фіксаваў перасоўванне расійскіх войскаў пры наступе на Украіну з тэрыторыі Гомельшчыны.

Кірыла вызвалілі з-пад варты. Па інфармацыі Флагштока, яму прысудзілі 4 гады абмежавання волі (хатняя «хімія»).



Кірыл Краўцоў. Фота: Facebook


Па тым жа абвінавачванні была асуджаная 47-гадовая жыхарка Мазыра Ганна Багінская. Вырак таксама пакуль высвятляецца, але дакладна вядома, што жанчыну зняволілі, прысудзіўшы альбо пазбаўленне волі ў калоніі, альбо абмежаванне волі з накіраваннем у карную ўстанову.

Яшчэ адзін палітычны прысуд быў вынесены таксама жыхару Мазыра. Па аналагічным артыкуле асудзілі Дзмітрыя Карнейчыка. Праваабаронцам вядома, што вынесены яму прысуд звязаны з пазбаўленнем волі. Сутнасць абвінавачванняў пакуль высвятляецца, але найбольш імаверна, што зняволілі Карнейчыка таксама ў справе «Беларускага Гаюна».

Чарговы прысуд – зноў у дачыненні жыхаркі Мазыра. 40-гадовую Любоў Рагожкіну асудзілі на абмежаванне волі без накіравання ў калонію.

І яшчэ адзін асуджаны за апошні час – Андрэй Янковіч, 39-гадовы ІТ-адмысловец з Гомеля, родам з Рэчыцы. Дакладны прысуд застаецца невядомым.

Акрамя таго, праваабаронцы даведаліся пра новага затрыманага, верагодна, па справе «Гаюна». Гэта Міхаіл Вага — 28-гадовы ўраджэнец Гомеля, выпускнік гімназіі № 71 і Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, дзе ён вучыўся на факультэце інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі. Ён з’яўляецца стваральнікам стартапу HandEnergy — партатыўнай зараднай прылады для смартфонаў, якая выпрацоўвае электраэнергію праз механічны рух. Пра яго вынаходніцтва ў 2017 годзе пісалі беларускія і замежныя СМІ, у тым ліку галоўная праўладная газета краіны. Міхаіл шмат падарожнічаў і жыў у краінах Еўропы і ЗША. У снежні ён быў затрыманы ў Гомелі.