Крыніца з магілёўскай турмы № 4 паведаміла праваабаронцам, што ў следчых камерах установы знаходзіцца жыхар Калінкавічаў Аляксандр Елісееў. Паводле папярэдняй інфармацыі, яго абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве (артыкул 356 Крымінальнага кодэкса) і абразе Лукашэнкі (арт. 368 КК).
Якія канкрэтна дзеянні Аляксандра Елісеева інтэрпрэтавалі, як злачынствы, пакуль невядома, піша «Гомельская вясна». Таксама невядома, калі яго затрымалі і чаму вырашылі ўтрымліваць не ў гомельскім СІЗА № 3, а ў Магілёве.

Аляксандр Елісееў. Фота: «Палеская вясна»
Аляксандр Елісееў – грамадскі актывіст з Калінкавічаў. Ён быў чальцом ліквідаванай у Беларусі Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Елісееў шмат разоў удзельнічаў у незалежным назіранні за выбарамі рознага ўзроўню і праз тое, што на ўсіх іх сведчыў парушэнне дэмакратычных працэдураў, даводзіў, што выконваць рашэнні нелегітымнай улады нельга. Адмаўляўся сплочваць прызначаныя яму паводле палітычна матываваных адміністрацыйных справаў штрафы.
У 2020 годзе і пазней улады затрымлівалі яго і прызначалі працяглыя адміністрацыйныя арышты. Падчас аднаго з іх ён абвяшчаў галадоўку. Гэта было перад рэферэндумам, на які ён быў акрэдытаваны як назіральнік, у лютым 2022 года, калі яго зняволілі за пяць дзён да пачатку паўнамаштабнага ўварвання расійскай арміі на тэрыторыю Украіны.
Апошні запіс на ягонай старонцы ў сацыяльнай сетцы Facebook датаваны 24 красавіка. Але яшчэ ў верасні яго бачылі ў Калінкавічах. Елісееў быў адмыслоўцам у авіяцыйнай прамысловасці. Ён скончыў Кіеўскі міжнародны ўніверсітэт цывільнай авіяцыі (цяпер – Кіеўскі авіяцыйны інстытут). Некаторы час ён працаваў на авіябудаўнічых прадпрыемствах Украіны, пазней – у Беларусі праграмістам. Пасля таго, як ён стаў удзельнічаць у палітычнай барацьбе, годнай працы ў Беларусі яму не было.