Праваабаронцы даведаліся прысуд палітзняволенаму фатографу з Мазыра. Аляксей Кайдаш быў затрыманы 20 лютага 2025 года. Спачатку яму прызначылі адміністрацыйны арышт па арт. 19.11 КаАП, а пазней у дачыненні да яго была распачата крымінальная справа паводле арт. 361-4 КК (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
Некалькі дзён таму Аляксею вынеслі прысуд — мужчыну асудзілі да 3 гадоў зняволення ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Аляксей Кайдаш у Мазыры займаўся прафесійнымі фотаздымкамі, рабіў вясельныя, дзіцячыя, партрэтныя фота, партфоліа і фота для меню і каталогаў, піша «Гомельская Вясна».

Аляксей Кайдаш. Фота: сацсеткі
Як адзначаюць праваабаронцы, існуе імавернасць, што мазыранін можа быць рэпрэсаваны ў гучнай справе маніторынгавага каналу «Беларускі Гаюн». У пачатку лютага да сілавікоў трапіла база тых, хто дасылаў каналу паведамленні аб перасоўванні расійскай вайсковай тэхнікі пры ўварванні ва Ўкраіну з тэрыторыі Гомельскай вобласці ў 2022 годзе.
Адразу пасля гэтага сілавікі пачалі справаздачыцца аб першых затрыманнях. Наколькі вядома Флагштоку, яны працягваюцца і дагэтуль – агульная колькасць затрыманых можа перасягнуць 1 тысячу чалавек.


