Шматдзетная маці, вайсковец, пастар, інжынер, расіянка: каго з жыхароў Гомельскай вобласці ўжо асудзілі па справе «Беларускага Гаюна»

| Палітыка | 0

Звесткі пра тое, каго з жыхароў Гомельскай вобласці ўжо асудзілі па справе «Беларускага Гаюна» за паведамленні аб перасоўванні вайсковай тэхнікі РФ пры нападзе на Украіну з тэрыторыі Гомельшчыны, сабраў Флагшток.

З-за таго, што амаль усе справы разглядаліся ў закрытым рэжыме, многія прысуды застаюцца невядомымі, таксама па некаторых справах няма дакладных звестак, што пераслед звязаны менавіта з «Беларускім Гаюном». Аднак такія высновы робяць праваабаронцы «Гомельскай вясны», бо абвінавачванні паводле частак 1 і 2 артыкула 361-4 «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» сёлета выстаўляюцца, пераважна, па гэтай справе.



Першы з вядомых прысудаў у Гомельскім абласным судзе быў вынесены вядомаму евангельскаму пастару Алегу Лойку з Хойніцкага раёна. Суддзя Сяргей Салоўскі асудзіў служыцеля царквы да трох з паловай гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Яшчэ адзін асуджаны жыхар Хойнікаў — 31-гадовы Артур Сыракваша, які быў намеснікам начальніка пагранічнай заставы «Хойнікі». Вядома толькі тое, што яму прысудзілі рэальны тэрмін зняволення і прысуд набыў моц. 



Алег Лойка і Артур Сыракваша


Адразу некалькі жыхароў Мазырскага раёну былі асуджаныя, імаверна, па справе «Гаюна». Гэта жыхарка вёскі Каменка Анастасія Раеўская, шматдзетная маці (тэрмін невядомы), 46-гадовы жыхар Мазыра Сяргей Кебец, які працаваў галоўным інжынерам ТАА «Інтэрмеа», што займалася будаўніцтвам. Яго змясцілі ў калонію, але тэрмін невядомы.

Таксама асуджаная жыхарка Мазыра, грамадзянка Расіі, Яраслава Храмчанкова – яе затрымалі сёлета 23 красавіка разам з іншымі мазырцамі і жыхаром суседняга Ельску. Расіянцы прысудзілі тры гады пазбаўлення волі з утрыманнем ва ўмовах агульнага рэжыму.



Анастасія Раеўская, Сяргей Кебец і Яраслава Храмчанкова


Пад рэпрэсіі трапіў і 37-гадовы прадпрымальнік, жыхар Гомеля Дзмітрый Хальцоў. Ягоны прысуд таксама невядомы.



Верагодна, яшчэ двое гомельцаў былі асуджаныя па тым жа абвінавачванні. Гэта вынікае з прысудаў, вынесеных Аляксандру Венскаму ды Ігару Мачалаву. Прысуды не звязаныя з пазбаўленнем волі.

Гэта толькі некаторыя вядомыя прозвішчы. У распараджэнні праваабаронцаў і Флагштока ёсць звесткі пра іншых затрыманых па справе «Беларускага Гаюна» жыхароў Гомельскай вобласці, аднак суды над імі яшчэ не адбыліся.