Былы жыхар Рэчыцы, які апошнія гады жыў у Мінску і там у красавіку быў затрыманы, Вадзім Здаравеннаў, асуджаны на пазбаўленне волі. Прысуд вынеслі 10 лістапада ў Мінску і прызначылі былому рэчычаніну 2 гады пазбаўлення волі.
Яго абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі паводле артыкула 368 Крымінальнага кодэкса па адным эпізодзе — за адзін негатыўны каментар у інтэрнэце ў адрас дыктатара, распавёў Флагштоку знаёмы Вадзіма, які быў шакаваны жорсткасцю прысуда.

Вадзім Здаравеннаў. Фота: сацсеткі
Былы рэчычанін прафесійна займаўся фатаграфаваннем. Да яго прыйшлі сілавікі праз некалькі дзён пасля таго, як на ўездзе ў Беларусь затрымалі ягонага брата Алеся Здаравеннава, актывіста з Рэчыцы.
Як паведамляў Флагшток, справай Алеся займаўся КДБ, у чым яго абвінавачваюць — дагэтуль невядома, суд нам ім пакуль не прызначаны. Алеся затрымалі ў канцы сакавіка на мяжы з Літвой, адкуль ён вяртаўся пасля заробкаў. Спачатку ў яго знайшлі «экстрэмізм» у тэлефоне і асудзілі на адміністрацыйны арышт.
Затым Алеся ўзялі пад варту па абвінавачванні ў палітычна матываваным крымінальным артыкуле. Яго працягваюць утрымліваць у СІЗА г. Гродна.

Алесь Здаравеннаў. Фота: сацсеткі
У 2020 годзе Алесь браў удзел у мірных акцыях пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. За гэта яго тады прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці. Наступны раз яго аштрафавалі на 1160 рублёў за вывешаны на ўласным падворку беларускі нацыянальны сцяг.