«Бюджэт пусты, таму выбіваюць грошы з людзей». Як цяпер пераследуюць за «экстрэмізм» на Гомельшчыне

| Палітыка | 0

Паводле сведчанняў жыхароў Гомельскай вобласці, у рэгіёне не змяншаецца маштаб адміністрацыйнага пераследу за «падпіскі» і «лайкі» інфармацыйных рэсурсаў, якія ўлады абвясцілі «экстрэмісцкімі матэрыяламі» і ўключылі ў адпаведны спіс.

Афіцыйных звестак пра гэта няма, расклады судоў застаюцца недасяжнымі, таму меркаваць пра тэндэнцыі рэпрэсій, якія ўлады хаваюць, можна толькі па водгуках тых, хто зазнаў пераслед.



Ілюстрацыйны здымак: суд Цэнтральнага раёна Гомеля


Адна з такіх асобаў распавяла Флагштоку пра свой досвед. Затрыманага жыхара Гомельскай вобласці за знойдзеную «падпіску» накіравалі ў ізалятар часовага ўтрымання да суду:

«Такіх як я, «адміністрацыйных экстрэмістаў» было вельмі шмат. Мяне некалькі разоў за суткі перакідвалі ў розныя камеры. І толькі ў адной я сустрэў звычайных правапарушальнікаў, крымінальнікаў, а ў астатніх — выключна «адміністрацыйныя экстрэмісты» былі».


Умовы іх утрымання не змяніліся: па-ранейшаму «палітычных» водзяць у кайданках тварам уніз, забараняюць перадачы, будзяць па начах:

«У камеры са «звычайнымі» было значна лепей, бо ў іх была хаця б папера для прыбіральні. Ім забаронена дзяліцца з такімі як я ежай і ўвогуле ўсім. Але яны ставіліся да мяне са спачуваннем. Распавялі, што ІЧУ перапоўнены «экстрэмістамі», таму крымінальнікаў да адпраўкі ў СІЗА міліцыянты вымушаныя трымаць па райаддзелах. Гэта таксама катаванне, бо ў ІЧУ ўмовы, зразумела, лепшыя».


Што тычыцца пакарання, то ў апошні час за «падпіскі» і «лайкі» часцей даюць штрафы, чым «суткі» – у першыя гады масавых рэпрэсій было наадварот:

«Тым, з кім размаўляў, давалі, у асноўным штраф 10–15 базавых велічынь (420–630 рублёў). Некаторым і міліцыянты казалі, што нібыта цяпер рэдка на «суткі» асуджаюць. Казалі, што грошай у бюджэце не хапае, таму стараюцца максімум з людзей выбіць».


Таксама Флагштоку вядомы выпадак, калі пенсіянерку выклікалі ў міліцыю з-за наяўнасці ў яе «падпісак» на некалькі «экстрэмісцкіх» каналаў і не асуджалі на арышт.