Праваабаронцы высветлілі, што ўжо другога грамадскага актывіста з Гомельшчыны зняволілі ў магілёўскую вязніцу. Жыхар Нароўлі Мікола Віткоўскі знік некалькі месяцаў таму. Праваабаронцы намагаліся даведацца дзе ён знаходзіцца. Зараз стала вядома, што яго супрацоўнікі КДБ схапілі ў верасні. Цяпер ён знаходзіцца ў следчых камерах турмы № 4 у Магілёве. Яго абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве (артыкул 356 Крымінальнага кодэкса), піша «Гомельская вясна».

Мікалай Віткоўскі
Мікалай Віткоўскі – грамадскі актывіст, чалец партыі «Народная грамада». Раней яго карнікі шмат разоў затрымлівалі і арыштоўвалі паводле адміністрацыйных справаў. Што стала нагодай для завядзення супраць яго крымінальнай справы з абвінавачваннямі ў здрадзе дзяржаве, пакуль невядома. Таксама незразумела, чаму яго зняволілі ў турму ў Магілёў, а не ў гомельскі следчы ізалятар № 3 ці СІЗА КДБ у Менску.
Нагадаем, напярэдадні праваабаронцы даведаліся, што ў турме № 4 ў Магілёве карнікі ўтрымліваюць грамадскага актывіста з Калінкавічаў Аляксандра Елісеева. Яго таксама вінавацяць у здрадзе дзяржаве і яшчэ ў абразе Лукашэнкі. Імаверна, рэгіянальных актывістаў зняволілі ў рамках нейкай адной справы. Абодва яны зніклі ў сваіх гарадах у верасні.
