Гомельскі журналіст Яўген Меркіс, былы палітзняволены, якога пасля вызвалення прымусова вывезлі з Беларусі, удзельнічаў у каляднай сустрэчы беларускай супольнасці з прэзідэнтам Польшчы Каралем Наўроцкім.

Мерапрыемства, якое адбылося 13 студзеня ў Бэльвэдэрскім палацы ў Варшаве, прайшло чацвёрты год запар і мае ўнікальны характар, калі прэзідэнт Польшчы збірае прадстаўнікоў беларускай дэмакратычнай супольнасці.
На чале са Святланай Ціханоўскай у мерапрыемстве ўдзельнічалі больш за 150 чалавек, у тым ліку журналісты, блогеры, дзеячы культуры, праваабаронцы, палітыкі, акцёры і музыкі, спартоўцы. У гэтым годзе ўдзел таксама ўзялі нядаўна вызваленыя палітвязні – акрамя Яўгена Меркіса гэта, у тым ліку Марына Золатава, Максім Знак, Ксенія Луцкіна.

Фота: Белсат
У сваёй прамове прэзідэнт Наўроцкі падкрэсліў, што Польшча падтрымлівала і будзе падтрымліваць беларусаў у іх змаганні за свабоду, а таксама згадаў шэраг гістарычных падзеяў, якія яднаюць беларусаў і палякаў. Наўроцкі падзякаваў «усім вольным беларусам, што ідзяце сваім цяжкім, доўгім шляхам да незалежнасці і суверэнітэту, што патрабуе так шмат ахвяраў, для шмат каго і праз вязніцы рэжыму Лукашэнкі»:
«І на гэтым шляху Польшча вас ніколі не пакіне».
Святлана Ціханоўская падзякавала прэзідэнту, адзначыла, што Польшча грае асаблівую ролю не толькі ў гісторыі, але і сучаснасці Беларусі, і распавяла, што беларусы працягваюць рабіць у выгнанні і робяць усё, каб маглі вярнуцца дадому.
Пасля выступаў адбылася мастацкая частка з удзелам калядоўшчыкаў, беларускіх спеваў і танцаў, а таксама ў прэзідэнцкай рэзідэнцыі адкрылася выстава мастачкі Кацярыны Еўдакімавай пра беларускіх палітвязняў.
У каментары Флагштоку Яўген Меркіс адзначыў, што ў яго засталіся пазітыўныя ўражанні ад сустрэчы:
«Асабліва ўсцешыла тое, што Наўроцкі сказаў у сваёй прамове аб працягу курсу на падтрымку Беларусі, і што сустрэча сабрала людзей з рознымі поглядамі, з розных "лагераў"».
Яўген дадаў:
«Мне было прыемна быць запрошаным на прыём, бо пэўна тое, што я і калегі гадамі рабілі для развіцця незалежнай журналістыкі ў родным Гомелі і Беларусі, як і нашая грамадская актыўнасць не прайшлі незаўважанымі. Тое, што на Радзіме ацанілі як экстрэмісцкую дзейнасць – свабода слова, сходаў, меркаванняў, тут наадварот шануецца і падтрымліваецца».
Кранальным момантам для Яўгена сталі «шчодрыкі» ў Бэльвэдэрскім палацы – раней ён разам з «Талакой» удзельнічаў у калядаванні ў Гомелі:
«Шчадроўка нагадала, як мы традыцыйна на стары Новы год хадзілі па цэнтры Гомеля, заходзілі на цэнтральны рынак. Шкада, што сёлета ў мяне няма такой магчымасці, але спадзяюся, што яна з'явіцца як мага хутчэй. Тым не менш цікава было пабачыць «Шчодрыкі» на прыёме ў самога прэзідэнта Польшчы».
Яўген запісаў некалькі відэа з мерапрыемства, якімі падзяліўся з Флагштокам.