Больш за месяц мінула з таго часу, як быў вызвалены з-за кратаў і прымусова вывезены за мяжу разам з групай іншых палітвязняў гомельскі журналіст Яўген Меркіс. Па просьбе Флагштока ён падзяліўся сваімі думкамі, назіраннямі, уражаннямі. Дзякуючы гэтаму можна зразумець, як чалавек пасля працяглай ізаляцыі бачыць сучасны свет, які імкліва змяняўся увесь гэты час, і самога сябе, уласнае жыццё і перспектывы.
«Пазнаваць сябе ў люстэрку бывае няпроста»
Я на волі ўжо месяц, але да канца гэтага яшчэ не адчуваю. Бракуе вольнага часу, як бы дзіўна гэта не гучала. Складана сказаць, каб я нечага зараз моцна хацеў, бо тры гады ў зняволенні так проста для псіхікі не мінаюць. Шмат хто лічыць, што як толькі апынешся на волі, то адразу кінешся есці нешта ўлюбёнае ці нешта рабіць. Але за кратамі ты настолькі адвыкаеш ад уласных “хацелак”, настолькі забываешся на былыя ўпадабанні, што выходзіш вельмі “нейтральным”, спустошаным.

Яўген Меркіс. Фота: уласны архіў
Працэс адаптацыі па гэтай прычыне расцягваецца. Трэба наноў вучыцца адчуваць сябе, нешта хацець, фармаваць наноў пажаданні. Тваё цела таксама змянілася і пазнаваць сябе ў люстэрку бывае няпроста. Паўстае і пытанне новай ідэнтычнасці – “хто я зараз, які я цяпер?”, бо старую ты ўжо і не заўжды прыгадаеш. Ды й ці трэба? Ты ж відавочна змяніўся.
Даймае і падвоеннае “абнуленне” – спачатку ты, тваё жыццё, усё, што ты любіў, руйнуюць содзячы цябе ў турму, а потым яшчэ і выкідаюць з краіны бы якога сабаку. А там, на Радзіме, у родным Гомлі ж усе твае кропкі для аднаўлення, твае “сэйвгеймы” – родныя мясціны, сваякі, любімыя ды каханыя людзі.
Ды што казаць, калі ў цябе нават нічога з тваіх рэчаў няма! Трэба разумець, што ў Вільню я прыехаў у турэмнай робе…
Я ўсведамляю, што наперадзе – няпросты этап адаптацыі. Шмат чаго з былога жыцця ўжо не вернеш, а новае яшчэ толькі трэба выбудоўваць, роўна як і фармаваць сябе наноў. Ёсць жартаўлівая показка “хто ў арміі быў, той у цырку не смяецца”, дык у калоніі я часта ў размовах з іншымі “палітычнымі” прыгадваў яе, адзначаючы, што прага абавязкова вярнуць усё менавіта як было можа апынуцца марнай. Завышаныя чаканні проста адматаць час назад па выхадзе на волю могуць потым моцна прыбіць, калі апынецца, што гэта цяжка рэалізаваць або тое, што раней табе падабалася ўжо зусім не вабіць. Але я пэўны, што пры разуменні гэтага ўсё атрымаецца. Жыццё ж для таго і дадзена, каб пазнаваць сябе і свет.

Яўген Меркіс у 2020 годзе. Фота: БАЖ
Пакуль што часу перадыхнуць і проста парэлаксаваць было небагата, але і тое што ёсць ужо фантастыка пасля перажытага. Магчымасць свабодна перасоўвацца, рабіць, глядзець, чытаць што захочаш – ўаў! Слухаеш улюбёную рок-музыку, па якой сумаваў гадамі, размаўляеш з тымі, з кім хочаш. І асабліва з тымі, з кім хочаш размаўляць бясконца. Усё гэта – вельмі каштоўная рэч.
«Беларусы й беларусачкі – малайчынкі!»
На волі мяне ў першую чаргу ўразіла беларуская салідарнасць. Шчыра цешыць, што людзі і праз пяць год пасля 2020-га здольныя на самаарганізацыю і неверагодную салідарнасць. Я рады, што нягледзячы на знішчэнне большасці НДА ў Беларусі шмат якія арганізацыі адрадзіліся, выстаялі, а ў дадатак з’явіліся і новыя праекты. Мяне ўражвае беларускаарыентаваны кантэнт на ютубе самага рознага кшталту. Ды аднаго толькі беларускамоўнага стэнд-апу колькі з’явілася!
Таму я чытаю багата навінаў зараз і мушу сказаць, што беларусы й беларусачкі – малайчынкі! Так, хапае сварак, хапае скандалаў, ляпаў і канфузаў. Ну дык гэта і ёсць прыкметы жыцця. Усяго гэтага не бывае толькі ў моргу!
Свет, які з’ехаў з глузду
Мне вельмі цікава назіраць за тым, што зараз робіцца ў свеце. Ты літаральна адчуваеш, як усё кардынальна змяняецца – у палітыцы, ў грамадстве, зносінах між людзьмі. Што ўжо казаць пра тэхналогіі і тое, як яны на нас уплываюць!
Канешне ў палітыцы стала больш папулізму і непрадказальнасці. У час сацсетак і размытага стаўлення да абяцанняў у палітычных дзеячоў стала менш адказнасці за свае словы. Прыкра назіраць, як вялікія краіны, чые дзеянні грунтаваліся на выпрацаваных стагоддзямі ідэях і каштоўнасцях у нейкім сэнсе “раслабіліся” і перасталі стрымліваць “кепскіх хлапцоў”. А тыя і радыя скарыстацца магчымасцю змяняць свет пад сябе.
Можа, гэтыя выклікі дадуць магчымасць для перазагрузкі агульначалавечых каштоўнасцяў на новым узроўні. Мне імпануе, што “людзей добрай волі” ў свеце ўсё ж больш і яны прагнуць пераменаў, справядлівасці і свабоды. Разам з хуткімі зменамі людзі ўсё больш чакаюць і ад уладаў, і гэты трэнд не абыходзіць Беларусь.
Не дай табе Бог жыць у эпоху перамен
Кітайскаму філосафу Канфуцыю часта прыпісваюць выказванне “Не дай табе Бог жыць у эпоху пераменаў”. Дык вось назіраць за такімі працэсамі з дыстанцыі (геаграфічнай або часавай) або чытаць пра іх надзвычай цікава, але ж жыць у такі зменлівы час няпроста.
Нязвыкла адсочваць імклівыя змены і адаптавацца да іх. Канешне ж гісторыкі потым рэтраспектыўна ўсё патлумачаць, выбудуюць лагічныя ланцужкі і пакажуць што да чаго прывяло, дзе былі карані будучых зменаў. Але жывучы ў моманце ты ўсё адно адчуваеш трывогу і страх. Невядомасць пужае. А калі невядомага і новага зашмат, то гэта яшчэ больш непакоіць.
Як гісторыку мне цікава назіраць за гэтым, хоць я і разумею, што для гісторыі што год, што пяць, што нават дзесяць – драбяза. А нам ва ўсім гэтым яшчэ жыць і знаходзіць месца пад сонцам!

Яўген Меркіс на другі дзень пасля вызвалення. Фота: Андрэй Павук
Час паскорыўся, краіны і грамадствы скалануліся. Праз крызіс Заходняй мадэлі дэмакратыі, аўтарытарызм уздымае галаву нават у развітых краінах і рэпрэсіі ды націск на традыцыйныя свабоды ўзмацняюцца. Беларусь у гэтым плане наогул паскорана вяртаецца амаль у сталінскія часы з агульным ігнараваннем базавых законаў і нормаў права.
І вось менавіта страчаных магчымасцяў мне больш за ўсё і шкада. Бо я ўлічваю кантэкст, у якім мы знаходзімся, параўноўваю тыя краіны, што побач з намі. Ты бачыш дзе мы маглі б быць і маем нават быць, і дзе рэальна знаходзімся. Замест таго, каб імкнуцца да лепшых цябе ўвесь час пужаюць найгоршымі прыкладамі і свядома зніжаюць “планку” чаканняў і патрэбаў.
Пра родны Гомель: «Усё больш ідэяў і мараў так і застаюцца нерэалізаванымі»
Я не быў у Гомлі тры гады, але памятаю як ён пасля 2020-га ўсё больш паглыбляўся ў дрымотны сон. Па маіх адчуваннях і назіраннях сёння сітуацыя не так імкліва паляпшаецца, а шмат у чым нават робіцца горш. Нават тыя невялічкія выспачкі свабоды – як у творчай сферы, так і ў плане грамадскай актыўнасці, якія змяняюць горад і гараджан да лепшага, цяпер згарнуліся да мізера. Такая атмасфера прыгнятае і ў выніку ўсё больш актыўных і цікаўных людзей пакідаюць родны горад.
Вядома ж, калі наогул не трапляюць за краты. Усё больш ідэяў і мараў так і застаюцца нерэалізаванымі. Я бясконца ўдзячны тым, хто і ў такіх умовах імкнецца і робіць усё магчымае каб нешта змяняць да лепшага, але мне хочацца, каб сітуацыя змянілася як мага хутчэй і мы ўсе разам маглі рабіць родны горад і краіну лепей.
Пра Краязнаўчы сайт Гомеля і Гомельшчыны: «Паўстане як птушка Фенікс з попелу»
Ад мяне чакаюць навінаў пра Краязнаўчы сайт Гомеля і Гомельшчыны, які я шмат гадоў рэдагаваў і суправаджаў. Вядома ж ён адновіцца, як ўласна Гомель у сваёй гісторыі – як тая птушка Фенікс з попелу. Але на гэта трэба час ды сілы, таму справа будзе не хуткая.
Мне вельмі шкада за сайт, бо ён за апошнія гады ператварыўся ў нешта большае чым проста сховішча артыкулаў. На яго актыўна спасылаліся даследчыкі ў сваіх працах, удавалася ствараць унікальныя матэрыялы якія распачыналі дыскусіі або яшчэ больш прывязвалі людзей да роднага кутка.
«Усё бу до!»
У астатнім прыглядаюся да Вільні, ацэньваю горад, яго жыхароў, моду, трэнды. Не сказаць, каб мяне нешта кардынальна здзівіла. Ну, стала трохі болей электракараў. Ну, кур’еры ганяюць на моцных электрароварах проста каб ежу развозіць – на момант маёй пасадкі гэта былі досыць дарагія штукі і былі хутчэй цацкай і забаўкай для тых, хто мог сабе гэта дазволіць.
Вельмі рады развіццю штучнага інтэлекту і таму, што ён дае. Шмат чаго, аб чым гадамі марыў раней цяпер сталася рэальнасцю – я яшчэ застаў першыя крокі якаснай генерацыі выяваў з дапамогай Midjourney, а цяперака і відэа ё, і візуалізацыі самага рознага кшталту, каларызацыя. Шмат з чым ужо гуляюся. Або вось тое, чаго вельмі бракавала раней па працы – якасная адлічбоўка аўдыё у тэкст! Карацей магчымасцяў багата, але трэба навучыцца імі карыстацца. Штучны інтэлект не забярэ ў мяне працу, яе забяруць тыя, хто ўмее ім якасна карыстацца. Вось гэтаму і вучуся.
Свой сённяшні перыяд у жыцці я ўспрымаю як час магчымасцяў. Час, калі трэба інвеставаць у сябе дзеля будучыні. Так, ёсць страты і праблемы, бывае няпроста, але трэба рушыць наперад. Усё бу до!