1933 год. На старонках польскай газеты з’явіўся незвычайны артыкул, у якім некалькі разоў узгадваецца Гомель. У ім вядомы польскі экстрасэнс Стэфан Асавецкі апісаў сваю сустрэчу з гомельскім містыкам Урубелем. Сёння гэта, бадай, адзіная вядомая крыніца пра гэтага загадкавага чалавека.
Стэфан Асавецкі — вядомы польскі экстрасэнс першай паловы 20 стагоддзя. Лічылася, што ён валодаў тэлепатыяй і целекінезам. Навукоўцы вывучалі яго здольнасці. Паліцыя супрацоўнічала з ім для пошуку злачынцаў, а этнолагі спрабавалі праз яго даведацца пра мінулае.

Як пісаў Асавецкі, свае здольнасці ён пачаў развіваць менавіта ў Гомелі — у 1898 годзе. Пасля сканчэння Пецярбургскага тэхналагічнага інстытута яго накіравалі на практыку ў Добрушскую папяровую фабрыку.
«Фабрыка знаходзілася ў адлегласці каля 7 кіламетраў ад Гомеля. Калі прыбыў да Гомеля і павінен быў ехаць далей да Добрушу, цягніка яшчэ не было, заставалася дзве гадзіны часу і не было вядома, што рабіць. Звярнуўся да начальніка станцыі, а ён падкзаў мне Врубеля як мясцовую асаблівасць і дал мне яго адрас. Я зацікавіўся тым чалавекам і захацеў з ім пазнаёміцца».

Старац жыў на ўскрайку Гомеля, у малым драўляным доміку. Паводле Асавецкага, ён быў семітам, крыніцай яго ведаў была габрэйская кабала. Свае здольнасці старац развіў у Індыі, дзе пражыў вялікую частку жыцця. Сам Асавецкі называў яго «ёгам празарліўцам», да якога з’язджаліся зацікаўленыя са ўсёй Расейскай імперыі. І нават у Польшчы Асавецкі сустракаў людзей, якія бачыліся з Врубелем і адклікаліся аб ім з вялікай пашанай.
«Старац ужо не ўставаў з ложку. быў апрануты ў чорнае. Меў прыгожы семіцкі твар з даўгой семіцкай барадой. Сваім позіркам адразу пранік у мой унутраны свет і адразу ж паведаміў мне, як мяне завуць і з якой мэтай прыбыў. Перанёсся да Масквы і ў дробных падрабязнасцях апісаў усё маё жыццё, спыняючыся над самымі цікавымі яго этапамі. Ён першы патлумачыў мне, што такое аўра і засведчыў, што і я належу да тых, хто яе бачыць. Пры гэтым падкрэсліў мае прыродныя здольнасці і прадбачыў, што ў пазнейшых гадах маё прозвішча будзе вядомым».
Пасля першай сустрэчы Асавецкі наведваў Урубеля два разы на тыдзень. У гэты час старац нікога іншага не прымаў і увесь час прысвячаў свайму вучню. Урубель распавёў Асавецкаму пра сусветную вайну і адраджэнне Польшчы, пра будучыню і лёс самога Асавекага.

Праца Асавецкага ў Добрушы ўрэшце скончылася, і ён быў вымушаны развітацца са сваім настаўнікам. Як апісваў у сваіх успамінах Асавецкі, свае новыя здольнасці ён упершыню адчуў у Франкфурце. У гатэлі ён заўважыў прыгожую жанчыну, з якой адразу адчуў моцную сувязь. Два разы на дзень — падчас абеду і вячэры — яны бачыліся, і ўвесь час Асавецкаму праносілася перад вачыма яе жыццё.
Калі яна з’ехала з гатэлю, закаханы Асавецкі наважыўся напісаць ліст. У ім ён распавёў пра жыццё незнаёмай жанчыны. Яна атрымала гэты ліст і была моцна ўражаная. Але падрабязнасці гэтай гісторыі мы пакуль пакінем без увагі. Вяртаемся ў Гомель.

Мы не знайшлі іншых успамінаў пра Урубеля, акрамя тэкстаў Асавецкага. Таксама шкада, што польскі экстрасэнс нічога не пісаў пра будучыню Беларусі: ці то таямнічы старац не ўгледзіў, што яго родны Гомель калісьці стане абласным цэнтрам незалежнай краіны, ці то Асавецкага гэтае пытанне не вельмі цікавіла. Разлічваць на прадказанні не прыходзіцца, толькі на ўласныя сілы. А пра Урубеля мы распавялі таму, што гэта цікавая гісторыя, пра тое як жыў наш горад напрыканцы 19 стагоддзя.