Адно з самых містычна-загадкавых месцаў у Беларусі знаходзіцца ў вёсцы Дзям’янкі Добрушскага раёна. Сёння гэта зона радыяктыўнага адсялення. Былыя вяскоўцы захавалі ўспаміны, што ў савецкія часы мясцовыя жыхары ўскрылі і абрабавалі фамільны склеп тутэйшых паноў. Быццам усе, хто дакрануўся да трунаў, хутка памерлі загадкавай смерцю. Адзін з рабаўнікоў перад канцом страціў розум. З таго часу легенда апавядае: у панскай сядзібе пачалі бачыць прывід маладой паненкі, які, паводле чутак, блукае там і сёння.
Мы распавядзем, як у савецкія часы рабаваўся маёнтак, і высветлім падрабязнасці загадкавай легенды пра прывід паненкі.
Пасля 1917 года бальшавікі паднялі хвалю пагромаў у панскіх маёнтках. Яны падбухторвалі сялян рабаваць і шукаць каштоўнасці. Не абышла гэтая бяда і Дзям’янкі.

Трывожныя падзеі тых гадоў у сваіх успамінах зафіксаваў уладальнік маёнтка Мікалай Герард.
«У маёй вёсцы (Дзям’янкі) было значна спакайней, але недалёка ад нашага маёнтка, у суседзяў, адбываліся сялянскія хваляванні, што суправаджаліся разбурэннем будынкаў і нават забойствам некалькіх землеўладальнікаў і іхніх работнікаў. У нашай вёсцы настрой быў не зусім добразычлівы. Некаторыя людзі ставіліся да нас варожа. Яны не кланяліся нам падчас сустрэч, але ніякіх эксцэсаў не адбывалася».

Мікалай Герард быў вядомым дзяржаўным дзеячам Расійскай імперыі. займаў пасаду генерал-губернатара Фінляндыі і сёння асабліва шануецца ў гэтай краіне. Менавіта ён спрычыніўся да нацыянальнага адраджэння фінаў, стварыўшы ўмовы для з’яўлення першага парламента.
У сваіх успамінах Герард прыгадвае выпадак, калі яго сям’я сутыкнулася з першай сапраўднай небяспекай падчас сялянскіх хваляванняў. Група незадаволеных сялян на чале з былым вязнем абрабавала вінныя скляпы ў Дзям’янках.

З’яўленне ў вёсцы духа паненкі звязваюць менавіта з падзеямі тых часоў. Мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што спачыну не знайшла душа Ірыны — дачкі ўладальніка маёнтка. Паводле ўсёй легенды, падчас Першай сусветнай вайны ў Дзям’янках стаялі чырвонаармейцы. Дзевятнаццацігадовая Ірына закахалася ў аднаго з салдатаў. Калі вайскоўцы пакідалі маёнтак, яна рушыла за каханым. Але бацька вярнуў дачку дадому. Не вытрымаўшы страты, Ірына застрэлілася.
Людзі кажуць, складанасць трагедыі Ірыны ў тым, што яе каханы быў чырвонаармейцам, а разбурэнне прыйшлі ў яе дом разам з бальшавікамі. Менавіта таму, паводле легенды, яе душа не знайшла спачыну.

Аднак храналогія падзей ставіць гэтую версію пад сумнеў. Сам Мікалай Герард у сваіх успамінах не згадвае трагедыю дачкі і піша, што сям’я пакінула Дзям’янкі яшчэ да рэвалюцыі.
«У канцы верасня 1917 года я разам з сям’ёй вырашыў выехаць у Кіеў: з маёнтка ў Дзям’янках лёгка было дабрацца — існавала добрае рачное злучэнне па Сожы і Дняпры».
«Пераадолеў у сабе жаданне, пра якое вышэй згадваў, пад уплывам маіх сяброў, якія вельмі настойліва ўгаворвалі мяне напісаць успаміны… Лічу, што ў маіх успамінах ёсць адна вялікая загана: мае нататкі былі запісаны ў двух сшытках, з якіх адзін… знік падчас пагрому майго вясковага маёнтка ў Дзям’янках у 1919 годзе».

Пра тое, што адбывалася з маёнткамі пасля прыходу бальшавікоў, пісаў генерал Данілаў. У 1920-я гады ён апісаў стан маёнтка Тэрабоўшчына, які месціўся недалёк ад сядзібы ў Дзям’янках.
“Здесь была мерзость запустения, винокуренный завод стоял закрытым. Результаты хозяйничания были на лицо: фруктовый сад поломан и запущен, a дом управляющего — без окон и дверей. Вместо стекол была вставлена уже нынешним управляющим фанера и сделаны кое-как двери. Условия жизни самые примитивные и убогие. В таком же положении были и все остальные имения”.
Пасля ўсталявання савецкай улады каля дзесяці гадоў у будынку сядзібы жылі бяздомныя дзеці, пазней тут таксама месціўся дзіцячы дом. Сёння вёска адселеная, але сюды прыязджаюць людзі, каб паглядзіць на таямнічую сядзібу. І хоць легенда пра паненку цяпер выглядае не такой абгрунтаванай, яна ўсё роўна напамінае пра трагедыю падзей першай паловы ХХ стагоддзя. І, канешне, знешні выгляд сядзібы ўсё ж абавязвае, каб у ёй жыў хоць нейкі прывід.