Архіепіскап Гомельскі і Жлобінскі Стэфан звярнуўся да праваслаўных вернікаў з нагоды прэзідэнцкіх выбараў. Уладыка падкрэсліў, што царква як грамадскі інстытут не ўмешваецца ў палітычныя гульні. І выступіў супраць замежнага ўмяшальніцтва ў беларускую палітычную сітуацыю.

Фота: newsgomel.by
“Царква адказвае за мір у грамадстве. Я сёння хачу нагадаць кожнаму з нас словы вялебнага Серафіма Сароўскага, які сказаў: “Стяжи дух мирен в своем сердце. И вокруг тебя спасутся тысячи”. Народ беларускі варты таго, каб жыць у міры. Народ Беларусі прайшоў выпрабаванні ХХ стагоддзя, калі кожны трэці беларус загінуў падчас вайны, калі мы прайшлі катастрофу Чарнобыля. Мы павінны разумець, што мы годныя мірнага жыцця. Мы — людзі мірныя. І ўсе ўнутраныя праблемы мы павінны вырашаць самі. Не звонку, а толькі мы”, – выказаўся ў відэазвароце ў эфіры тэлерадыёкампаніі “Гомель” уладыка Стэфан. Архіепіскап заклікаў вернікаў прыходзіць у храмы і маліцца за мір у Беларусі.
Заява праваслаўнага іерарха гучыць на фоне інцыдэнта з затрыманнем у адным з санаторыяў Мінскага раёну 33 баевікоў прыватнай вайсковай кампаніі “Вагнер”. Усе затрыманыя беларускімі органамі бяспекі вайскоўцы з’яўляюцца грамадзянамі Расійскай Федэрацыі, маюць баявы вопыт у краінах Бліжняга Усходу і ва ўкраінскім Данбасе. Кіраўнік дзяржавы на адмысловай нарадзе з кіраўнікамі сілавых ведамстваў назваў факт знаходжання на тэрыторыі Беларусі замежных ваенных спецыялістаў “надзвычайным здарэннем”.
Флагшток