У МЗС Польшчы выклікалі беларускага дыпламата з-за прысуду журналістцы Ірыне Слаўнікавай у Гомелі і паабяцалі «рашучыя меры»

| Палітыка

У Польшчы адрэагавалі на прысуд журналістцы Ірыне Слаўнікавай, якую 3 жніўня ў Гомелі асудзілі на 5 гадоў зняволення. Ірына — ураджэнка Гомеля, штатная супрацоўніца польскага тэлеканала TVP. Прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі даручыў МЗС краіны зрабіць «рашучыя крокі» ў сувязі з прысудам Слаўнікавай.

«Свабода прэсы, словы і бесперашкоднае права выказваць сваё меркаванне — вось аснова дэмакратыі. Прысуд рэжыму Лукашэнкі журналістцы Ірыне Слаўнікавай да 5 гадоў калоніі з'яўляецца абсалютным скандалам, парушэннем усіх цывілізацыйных нормаў, правоў чалавека і журналісцкіх стандартаў. Гэта непрымальнае рашэнне сустрэне неадкладную, рашучую рэакцыю польскага народа на міжнародным узроўні. Я даручыў МЗС прыняць рашучыя меры», — напісаў Маравецкі.

У МЗС Польшчы дадалі, што выклікалі дыпламатычнага прадстаўніка афіцыйнага Мінска, каб 4 жніўня перадаць яму «рашучы пратэст» польскага боку і патрабаванне неадкладнага вызвалення не толькі асуджанай журналісткі, але і іншых асоб, у тым ліку журналістаў, незаконна пазбаўленых волі, у прыватнасці Андрэя Пачобута.



Прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі. Фота: Facebook


Паводле афіцыйнага прадстаўніка МЗС, «будуць прынятыя і іншыя дыпламатычныя меры на міжнародным форуме, праз ЕС і па двухбаковых каналах». У той жа час у МЗС адзначылі, што «цяжка меркаваць, калі польскія і міжнародныя намаганні могуць прынесці эфект, бо Беларусь з'яўляецца дзяржавай, якая праводзіць вельмі рэпрэсіўную палітыку ў дачыненні да сваіх грамадзян і не мяняе яе, нягледзячы на розныя міжнародныя дзеянні і ўвядзенне пакетаў санкцый». Таму «інструменты, якія выкарыстоўвае ЕС, у тым ліку санкцыі, павінны ісці нашмат далей», цытуе польская прэса.

Слаўнікаву затрымалі 30 кастрычніка 2021 году ў мінскім аэрапорце, калі яна з мужам вярталася з адпачынку. Спачатку журналістку двойчы асудзілі па адміністрацыйных артыкулах, а 26 лістапада стала вядома, што Слаўнікава стала падазраванай паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). У канцы красавіка 2022 года Следчы камітэт паведаміў, што Ірыну таксама абвінавацілі ў кіраванні экстрэмісцкім фармаваннем паводле ч. 1 арт. 361-1 КК. На пачатку чэрвеня 2022 Ірыну перавялі ў гомельскі СІЗА-3, паведамляе «Вясна».

23 чэрвеня распачаўся судовы разгляд. Пракурор Ірына Падкавырава запрасіла для журналісткі 4 гады зняволення, а суддзя Мікалай Доля прысудзіў ёй пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Таксама пастаноўлена спагнаць на карысць «Мінсктранса» 7580 рублёў.



Прысуд Ірыне Слаўнікавай. Фота: БАЖ


Паводле афіцыйнай версіі, у 2020-2021 гадах Слаўнікава «аб'яднала групу грамадзян, якія пад яе кіраваннем і кантролем стваралі і размяшчалі экстрэмісцкія матэрыялы на шматлікіх польскіх медыярэсурсах». Быццам бы менавіта яна «фармавала склад супольнасці, размяркоўвала ролі, карэктавала навінавую павестку, матэрыяльна забяспечвала і фінансавала дзейнасць». Гаворка ідзе пра тэлеканал «Белсат», які беларускі рэжым абвясціў «экстрэмісцкім фарміраваннем» і забараніў яго дзейнасць на тэрыторыі Беларусі. Таксама Слаўнікаву абвінавацілі ў тым, што яна «прымала актыўны ўдзел у незаконных акцыях, 30 жніўня 2020 года ў цэнтральнай частцы Мінска разам з іншымі грамадзянамі выходзіла на праезную частку, блакавала рух транспарту і выкрыквала лозунгі», заявілі ў прэс-службе Гомельскага абласнога суда.

ОМОН, фотоловушки и досмотр телефонов. Что происходит с военной активностью в Гомельском районе

| Палітыка

На условиях анонимности Флагшток опросил несколько жителей Гомельского района и поселка Зябровка, чтобы понять, какие военные активности там сейчас происходят.