«Яны не ўспрымаюць цябе як чалавека». Журналістка Дар’я Чульцова распавяла пра ўмовы ў гомельскай калоніі

| Палітыка

Журналістка «Белсату» Дар’я Чульцова, якая пасля прысуду за здымкі на «плошчы Перамен» у Мінску адбывала тэрмін у гомельскай жаночай калоніі, распавяла на канале «Максимально» пра свой час у зняволенні. Флагшток выдзеліў з расповеду Дар’і звесткі пра ўмовы ў калоніі, дзе цяпер працягваюць трымаць за кратамі палітзняволеных жанчын.



Дар’я Чульцова пасля вызвалення з калоніі. Фота: "Новы час"


Асноўны занятак у калоніі — гэта праца на фабрыцы, дзе жанчын прымушаюць шыць спецвопратку, у тым ліку для сілавікоў. Паводле Дар’і, «усе імкнуцца некуды акрамя фабрыкі», нават на працу ў сталоўку, хаця там цяжэй:

«Бо гэта рабсіла. Ты ходзіш туды і шыеш, не разумеючы, што ты шыеш. Пастаянны крык, шум, хтосьці нечага пастаянна ад цябе патрабуе. На гэтай вытворчасці цяжка эмацыйна і фізічна (...)», яны не ўспрымаюць цябе як чалавека — проста бачаць у табе раба, які павінен працаваць».


Дар’я адзначыла, што яе прымусілі працаваць нават у нядзелю ў яе дзень народзінаў.

У калоніі ёсць свая тэлестудыя пад назвай «Вектар», дзе асуджаныя здымаюць сюжэты. Заняткі ў студыі вызваляюць ад працы на фабрыцы, але Дар’ю туды не дапускалі, хоць яна і прафесіянал, бо дзяўчына стаяла на ўліку як «экстрэмістка».

У калоніі ёсць цырульня — там працуе асуджаная, да якой можна запісацца бясплатна. Што тычыцца вопраткі і абутку, якія могуць перадаваць з волі, то яны павінны быць толькі чорнага колеру. Раней зняволеным дазвалялі насіць рознакаляровыя шкарпэткі і дажджавікі, але потым забаранілі. Дар’я адзначае, што «калі бачыш кожны дзень чорнае, дэпрэсія табе забяспечаная».

У мясцовай краме прадаецца выключна беларуская касметыка, а ў перадачы прапускаюць толькі шампунь, бальзам для валасоў і крэм.

Зняволеным дазвалялі святкаваць Новы год — можна было класціся спаць пазней, у гадзіну ці ў дзве ночы. Можна было накрываць сталы, рабіць напоі з гарбаты каркадэ, ладзіць танцы з музыкай.



Дар’я Чульцова. Скрыншот з відэа


У калоніі вельмі распаўсюджаны даносы, у тым ліку на тое, што тычыцца асабістага жыцця. Дар’я адчувала на сабе ціск адміністрацыі, у прыватнасці яе схілялі да напісання  прашэння аб памілаванні.

Дзяўчына кажа, што аб пачатку вайны Расіі супраць Украіны ў калоніі даведаліся з першага дня:

«Мы прыйшлі на фабрыку, у нас была другая змена. Сабраліся сваім "палітычным" гуртком. Пачулі слова "вайна" (...) Над калоніяй пастаянна лётала вайсковая тэхніка — вельмі нізка і гучна (...) Першы раз, калі я прачнулася ноччу, падумала, што ляціць ракета, і ўжо развіталася з жыццём. Гэта было страшна».


Падчас гулу самалётаў зняволеныя разумелі, «што і хто дастаўляе» гэтай тэхнікай, азначае журналістка.