Да Міжнароднага дня роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага, у Гомелі не было прымеркаванага амаль ніводнага агульнагарадскога мерапрыемства. У большасці выпадкаў свята адзначылі на лакальным ці карпаратыўным узроўні.
Адзіная буйная імпрэза адбылася ў Гарадскім цэнтры культуры 19 лютага — гэта быў прысвечаны Дню роднай мовы «Вечар беларускай культуры». Аднак праграма была складзена стэрэатыпна: выступы фальклорных калектываў, экскурсы ў гісторыю і традыцыі. Таму імпрэза стварала ўражанне, што беларуская мова, культура — гэта штосьці архаічнае, нежывое, якое не мае асаблівай сувязі з сучаснасцю.

Скрыншот відэа ГЦК
Сетка публічных бібліятэк Гомеля прапанавала цыкл мерапрыемстваў — бібліятэкі ладзілі невялікія імпрэзы на лакальным узроўні. Напрыклад, непасрэдна 21 лютага ў некаторых бібліятэках запланаваныя турніры, віктарыны, майстэрня лялек, кіналекторый.
Мерапрыемствы да Дня роднай мовы заўважаны ў некалькіх школах. У прыватнасці, у сярэдняй школе №11 для малодшых навучэнцаў правялі гульні, а старшакласнікам пашанцавала меней — ім трэба было пісаць кантрольную работу па прадмеце «Беларуская мова».
Сярод вну адзначыўся тэхнічны ўніверсітэт, дзе правялі квіз з нагоды свята. Таксама зладзілі мерапрыемствы да Дня роднай мовы ў некаторых працоўных калектывах. Напрыклад, натарыусы Гомельскай натарыяльнай акругі паўдзельнічалі ў віктарыне на тэму беларускай мовы і культуры.

Агляд мерапрыемстваў у райцэнтрах паказаў, што там Дзень родны мовы адзначаецца на даволі маргінальным узроўні з нешматлікімі ўдзельнікамі. Часам у назвах імпрэзаў сустракаліся граматычныя, лексічныя памылкі. У Лоеўскай раённай бібліятэцы тэматычную выставу назвалі «Дзіўная [па-руску — «странная»], родная мова». Відаць, хацелі сказаць — дзівосная. Таксама «дзіўную родную мову» абмяркоўвалі на пасяджэнні літаратурнага аб'яднання ў Гомельскай абласной бібліятэцы.