Дзяржпрадпрыемства «Сетка публічных бібліятэк горада Гомеля» абвясціла электронныя аукцыёны на набыццё новых кніг для дзяцей і дарослых. На закупку з бюджэту выдаткуюць звыш 16,5 тыс. рублёў (болей за 5,5 тыс. даляраў).
Флагшток паглядзеў спіс кніг у дакументацыі тэндараў і не знайшоў у ім ніводнай кнігі на беларускай мове. Пры гэтым агульная колькасць усіх выданняў – амаль 1 тысяча.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Сетка публічных бібліятэк горада Гомеля»
Якімі кнігамі хочуць папоўніць бібліятэчны фонд у Гомелі? Пераважна, гэта творы расійскіх аўтараў, некаторыя – заходніх, такіх як Стывен Кінг, у перакладзе на расійскую мову.
Набор дзіцячых кніг у закупках даволі стандартны – савецкая класіка. Гэта такія творы як «Золотой ключик, или Приключения Буратино», «Аленький цветочек», «Айболит» і нават «Тимур и его команда». Зрэдку трапляюцца заходнія бэстсэлеры для дзяцей: напрыклад, «Маўглі», «Маленькі прынц».
Што тычыцца кніг для дарослых, то тут у трэндзе сучасныя расійскія аўтары – такія як Ганна Малышава. Сцвярджаецца, што яна быццам паспела выпусціць ужо звыш 40 раманаў. Гомельцам прапануюць серыю яе кніг «Авантюристка», якая выпушчана пад выглядам гістарычных раманаў і мякка прасоўвае каштоўнасці «рускага свету».
Астатнія кнігі – дэтэктывы, фэнтэзі, белетрыстыка. Конкурс на пастаўку кніг выйграла мінская прыватная фірма «БукЛайнГрупп».
