«Ад прапановы перайменавання вуліцы ў гонар Булак-Балаховіча паўскоквалі камуністы». Як Гомель адзначаў Дзень Волі ў часы незалежнасці

| Гісторыя

Гомель пачаў упершыню адзначаць Дзень Волі на афіцыйным узроўні ў пачатку 1990-х гадоў, калі ў горадзе дзейнічаў дэмакратычны гарсавет. Урачыстыя мерапрыемствы пры падтрымцы ўладаў адбываліся да прыходу на пасаду прэзідэнта Лукашэнкі. Пасля гомельцы адзначалі свята ва ўмовах пераследу і пільнай увагі з боку спецслужбаў. Не абыходзілася без затрыманняў.

Флагшток распытаў у гомельскага дзеяча 1990-х гадоў, як Дзень Волі адзначаўся ў незалежнай Беларусі. Імя нашага рэспандэнту сёння не называем па ўсім зразумелых прычынах.


Плошча Паўстання ў сакавіку 1993 года, (аўтар фота: Сямён Хейфец)


«Тады прапановы аб святкаванні ішлі знізу, была дэмакратыя і грамадскія ініцыятывы падтрымліваліся. Была "Талака", якая прасоўвала гэтыя пытанні. Даследчыкі вывучалі і распавядалі пра дзеячоў БНР — выхадцаў з Гомельшчыны.

25 сакавіка ў Гомелі адпачатку з 1991 года адзначаўся Дзень Волі практычна на афіцыйным узроўні. Было ўрачыстае паседжанне, там прысутнічалі дэпутаты гарсавету, сябры прэзідыуму, сябры гарсавету. Здымалася вялікая зала ў Гарадскім цэнтры культуры і там распавядалася, што такое БНР, калі ўзнікла, пра ўстаўныя граматы, гісторыю Гомеля, удзел гомельцаў у стварэнні БНР.

Болей таго, у нас хадзілі тралейбусы з рэкламай гадавіны БНР.



Паседжанне ў ГЦК да ўгодкаў БНР у сакавіку 1993 года, (аўтар фота: Сямён Хейфец)


Спачатку была афіцыйная частка, а потым быў канцэрт. Туды запрашаліся ўсе жадаючыя, у першую чаргу сябры грамадскіх арганізацыяў, палітычных партыяў дэмакратычнага кшталту. Камуністы на такое свята не хадзілі».



Тэатральная пастаноўка ў ГЦК, 25 сакавіка 1993 года, (аўтар фота: Сямён Хейфец)



Перайменні вуліц у гонар дзеячаў БНР


«З пачатку 1990 года, гэта была, падаецца, другая сесія гарсавету (лета–восень). У нас была камісія па культуры і гістарычнай спадчыне пры гарсавеце, узначальваў яе тады Ігар Барташэвіч (таксама сакратар Рады БНФ горада Гомеля). Разглядалі канцэпцыю перайменавання вуліц горада Гомеля. 

Наданне ў Гомелі вуліцы імя Палуты Бадуновай уваходзіла ў прапанову. Выбітны гісторык Валянціна Лебедзева аказвала  кансультатыўную дапамогу, каб усё было правільна і з прывязкай да Гомеля.

Полута Бадунова (7 верасня 1885 — 29 лістапада 1938) — ураджэнка Гомеля, дзяячка беларускага нацыянальнага руху, настаўніца. Увайшла ў Раду Беларускай Народнай Рэспублікі. У 1937 годзе абвінавачаная ў антысавецкай дзейнасці і арыштаваная, асуджаная на 10 гадоў лагераў. У 1938 годзе прыгавораная да расстрэлу.



Прапаноўвалася вуліцу Багдана Хмяльніцкага перайменаваць у вуліцу імя Булак-Балаховіча, які на Гомельшчыне дзейнічаў. Таму што войскі Багдана Хмяльніцкага спалілі Гомель. Можа для ўкраінцаў Хмяльніцкі быў добры дзеяч, але для Гомеля — не. Гэта была недарэчнасць. Войскі Хмяльніцкага падманам ўвайшлі ў горад і парэзалі гараджанаў.

Станіслаў Булак-Балахавіч (22 лютага 1883 —10 мая 1940) — беларускі, польскі і расійскі вайсковы дзеяч. Афіцэр кавалерыі Рускай імператарскай арміі, генерал-маёр Белай арміі, генерал Асобнага атрада БНР, камандзір добраахвотніцкіх атрадаў польскай арміі ў 1920 г. Атрад Булак-Балахавіча дзейнічаў на тэрыторыі Гомельшчыны падчас польска-савецкай вайны.





Вы б бачылі, як камуністы паўскоквалі з месцаў, калі прагучала прапанова аб перайменаванні вуліцы ў імя Булак-Балаховіча. Тады было сказана, што Булак-Балаховіч змагаўся з чэкістамі і бальшавікамі за незалежнасць Беларусі, дзеяч БНР.

"Это бандзіт, это убійца!", — паўскоквалі і крычалі камуністы.

Пачаліся спрэчкі. У адказ прагучала прапанова стварыць для камуністаў у Гомелі музей Кагановіча. Толькі праўдзівы музей, каб там усё было пра гэтага персанажа. Напрыклад, падпісаў загад на расстрэл 50 тысяч чалавек, то няхай гэта будзе ў гэтым музеі, каб усе ведалі. Не, вось тут камуністы замаўчалі, не захацелі такі музей.



Плошча Леніна, сакавік 1993 года, (аўтар фота: Сямён Хейфец)


Прапанова аб перайменаванні вуліц адклалася на нявызначаны час. А пасля да ўлады прыйшоў Лукашэнка і ўсе гэтыя планы скасаваліся».

Як да вайны Чарнігаў стаў адным з найлепшых гарадоў Украіны і абышоў шматлікія гарады Беларусі

| Гісторыя

Раней Чарнігаў быў вядомы беларусам, як месца аднадзённага шопінгу, дзе можна закупіцца цукеркамі і гарэлкай. Але да вайны горад моцна змяніўся, а па сваім добраўпарадкаванні абышоў шматлікія гарады Беларусі.

Амаль як сто гадоў таму. Працяг віртуальнай прагулкі па зруйнаванай вуліцы Мільённай

| Гісторыя

Усе абъекты, якія прадстаўлены ніжэй перажылі Другую сусветную вайну, але былі знесеныя ў канцы 1970-х, абы нішто не замінала глядзець на будынак Абласнога камітэта Камуністычнай партыі. Пашанцавала толькі аднаму.