Гомель — горад з тысячагадовай гісторыяй, але яго вулічная мапа і сёння нашмат больш савецкая і імперская, чым беларуская. Даследаванне Алеся Чайчыца выявіла, што амаль траціна гарадской тапанімікі дагэтуль услаўляе бальшавікоў, савецкіх вайскоўцаў і расійскіх дзеячоў, у той час як нацыянальных беларускіх імёнаў — адзінкі. Што азначаюць гэтыя вынікі для горада і ці гатовы Гомель да пераасэнсавання свайго тапанімічнага «запавету» ХХ стагоддзя?

Фота: svaboda.org
Флагшток паразмаўляў з аўтарам даследавання наконт яго ўражання ад Гомеля пасля праведзенай працы і таго, наколькі ўсё кепска ў параўнанні з іншымі гарадамі.
Вынікі даследавання і агульныя высновы
Агулам былі прааналізаваныя назвы 874 тапанімічных аб’ектаў Гомеля па стане на 2025 г. Сярод іх было выяўлена 296 тапанімічных аб’ектаў з назвамі, якія, на думку аўтара, носяць у рознай ступені варожы да Беларусі прапагандысцкі савецкі або расійскі каланіяльны характар і якія прызнана неабходным або пажаданым змяніць.

У Гомеля выявілася найбольшая сярод абласных цэнтраў доля назваў у гонар расійскіх бальшавікоў і дзеячоў савецкага рэжыму (8,8%), у тым ліку тры назвы ў гонар Леніна, па 2 – у гонар Крупскай, Калініна, Івана Макарава і Мікалая Астроўскага, ажно 4 назвы ў гонар Куйбышава. На другім месцы ў гэтым плане быў толькі Віцебск з 8,5%.

Выявілася і найбольшая сярод абласных цэнтраў доля назваў у гонар беларускіх вайскоўцаў на службе савецкага рэжыму (4,5%, другое месца – Магілёў з 4,4%, найменшая доля – Брэст з 1%). Амаль цалкам тут ідзецца пра савецкіх вайскоўцаў у Другой Сусветнай вайне, кіраўнікоў савецкага падполля.
Заўважаная і вялікая канцэнтрацыя "юбілейных" савецкіх назваў: 10 год Кастрычніка, 30 год БССР, 30 год Кастрычніка (2 аб’екты), 40 год БССР, 40 год Кастрычніка, 50 год БССР, 60 год СССР, 70 год БССР.
На думку Алеся Чайчыца як мінімум 25 вуліцаў маюць гістарычныя назвы, якія могуць быць вернутыя.

Але пры гэтым у абласным цэнтры няма:
- Назваў у гонар беларускіх несавецкіх дзяржаўных дзеячоў і палітыкаў – ніводнай
- Назваў у гонар беларускіх грамадскіх дзеячоў, не звязаных з савецкім рэжымам, царскай Расіяй або расійскім рэвалюцыйным рухам – толькі пяць
- Назваў у гонар падзеяў несавецкай гісторыі Беларусі – толькі дзве

Флагшток паразмаўляў з аўтарам даследавання наконт яго ўражання ад Гомеля пасля праведзенай працы і таго, наколькі ўсё кепска ў параўнанні з іншымі гарадамі.
— Якія самыя асноўныя ўражанні і вывады па гомельскай гарадской тапаніміцы?
Гомель — старажытны горад з амаль 900-гадовай гісторыяй, але шматвекавыя вуліцы ў ягоным цэнтры цягам дваццатага стагоддзя былі мэтанакіравана запоўненыя назвамі, якія адлюстроўваюць пэўную сумніўную палітычную ідэалогію і ўшаноўваюць дзеячоў пэўнага сумнеўнага палітычнага руху, якія такога ўшанавання не заслугоўваюць. Гэтая гістарычная несправядлівасць патрабуе выпраўлення, як тое рабілі ўва ўсіх суседніх з Беларуссю краінах, у тым ліку ў Расіі.
— Наколькі кепская сітуацыя ў Гомлі і наколькі ўсходнія гарады "бесперспектыўныя" ў гэтым пытанні ў параўнанні з іншымі? Існуе думка, што іх ужо не выратуеш, што гэта вельмі "расійскія" гарады і ўсё ужо згублена…
Мне здаецца, гарады ўсходу Беларусі ў плане тапаніміі не выглядаюць радыкальна горш, чым гарады Захаду. Адсотак яўна прапагандысцкіх савецка-расійскіх назваў прыкладна аднолькава высокі паўсюль (што нараджае думкі пра свядомую савецкую палітыку ў гэтай галіне), а колькасць назваў у гонар беларускіх несавецкіх грамадскіх дзеячоў альбо палітыкаў — прыкладна аднолькава нізкая (у сярэднім гэта адзінкі, а ў Гомлі — ніводнай такой назвы). Гомель мае большы адсотак "непраблемных" назваў, чым Віцебск і Магілёў, але ў прынцыпе карціна параўнальная па ўсёй краіне.

Адрозненні між рэгіёнамі і настроямі ў іх могуць зрабіцца лепш бачнымі, калі справа дойдзе да агульнанацыянальнай дыскусіі аб дэкамунізацыі. Але я асабіста ведаю шмат яскравых нацыянальна свядомых і палітычна актыўных выхадцаў з Гомеля, таму нічога не страчана, усё ў нашых руках.
— Вы прапаноўваеце выдаліць з мапы горада ўсе пазнакі звязаныя з расійска-імперскім і савецкім перыядам. Але ці не з’яўляецца такое выдаленне спробай вырваць кавалкі нашай гісторыі — складанай, няпростай, не заўжды пазітыўнай, але тым не менш часткаю нашага мінулага? Ці трэба выдаляць абсалютова ўсе пазнакі гэтых перыядаў і як выбудоўваецца градацыя таго, што выдаляць, а што — не?
Я сыходжу з той пазіцыі, што назва вуліцы ў гонар чалавека, інстытуцыі і з’явы — гэта акт грамадскага ўшанавання. І гэта азначае, што вуліцы павінны называцца толькі ў гонар аб'ектыўна і адназначна заслужаных людзей, арганізацый ці з’яваў. Бальшавікі, чэкісты ці савецкія генералы могуць такімі лічыцца толькі тады, калі мы лічым вартым ушанавання таталітарны савецкі рэжым. Я яго такім адназначна не лічу.
Пры гэтым асабіста я нічога не маю супраць тых савецкіх назваў, якія звязаныя з народнай гаспадаркай, а не з савецкай акупацыяй ці камуністычнай ідэалогіяй. У выпадку Гомеля — назвы кшталту "50 год завода Гомсельмаш" ці "Будаўнікоў" ці "Заводская", ці "Станкабудаўнічы праезд", "Індустрыяльны праезд", хаця часта менавіта яны асацыююцца з пэўным савецкім тапанімічным стылем. Абы яны не займалі месца старадаўніх, спрадвечных назваў.

Алесь Чайчыц. Фота: BGmedia
Гісторыя — гэта вельмі важна, і таму важна рабіць з яе высновы; важна выпраўляць гістарычныя памылкі і несправядлівасці. Савецкія гістарычныя артэфакты маюць быць у музеі і ў падручніках, а не на пачэсным месцы і мапе горада.
— Вы прапаноўваеце перайменаваць вуліцу Гагарына. Але ж палёт у космас на той момант святкаваўся як агульнадзяржаўнае і “агульнанацыянальнае” дасягненне. Людзі шчыра радаваліся гэтаму. Да таго ж сваю руку да першага палёту прыклалі шматлікія прадстаўнікі Беларусі — інжынеры, даследчыкі, выкладчыкі. Ёсць асобныя даследаванні па датычнасці да гэтай гістарычнай падзеі прадстаўнікоў Гомеля і Гомельшчыны. Можа пэўныя вуліцы могуць застацца часткаю гісторыі пры такім падыходзе і справа не ў тым, мае Гагарын дачыненне да Беларусі або не? Магчыма палёт у космас — нешта большае за выключна савецкую ідэалогію?
Палёт Гагарына быў у першую чаргу савецкім вайскова-тэхнічным і прапагандысцкім мерапрыемствам у рамках "Халоднай вайны" і супрацьстаяння таталітарнага СССР з цывілізаваным светам. СССР у гэтым супрацьстаянні, якое цудам не скончылася ядзернай вайной, быў адназначным злом. Савецкае войска для Беларусі было войскам-акупантам, а Гагарын быў савецкім вайскоўцам. Пра гэта нельга забывацца, гэта нельга ігнараваць і таму, на маю асабістую думку, савецкая касмічная праграма не заслугоўвае ў Беларусі ўшанавання. Або прынамсі той ступені ўшанавання, пры якой у гонар Гагарына называюцца вуліцы. Канечне, Гагарын — не нейкі бальшавік Сяргей Лазо, які, здаецца, нават ніколі не бываў у Беларусі, і не савецкі шпіён Дворнікаў (у іхны гонар у Гомлі таксама ёсць вуліцы). Але добра задумацца пра мэтазгоднасць існавання вуліцы Гагарына ў Гомеле я лічу вартым.
— Сярод пажаданых да перайменавання вуліц узгадваецца вуліца Артылерыйская, маўляў яна звязаная з савецкай арміяй (або “Авіяцыйная” і т.п.). Але ў дакуменце ўзгадваецца той жа варыянт перайменавання вуліцы Багдана Хмяльніцкага ў вуліцу Батарэйную. Але ж апошняя назва таксама звязаная з расійскай арміяй і часамі імперыі. Дык у чым тады розніца?
Назва "Батарэйная", на маю думку, адназначна лепш за "Багдана Хмяльніцкага": яна адсылае не да роду войскаў, а да аб'екту вайсковай інфраструктуры. А Багдан Хмяльніцкі — фігура з савецкай і расійскай імперскай прапаганды, вуліц у ягоны гонар на мапах беларускіх гарадоў быць не павінна.
— А чым тады правініліся вуліца Пралетарская або Авіяцыйная? Няўжо такія тэхнічныя ды проста ўжо звыклыя ўсім назвы варта таксама вынішчаць?
Вуліца Пралетарская адсылае да "пралетарыята" — паняцця з марксісцкага лексікона, сацыяльнай групы, якая лічылася нібыта апірышчам савецкага таталітарнага рэжыму. Гэта адназначна ідэалагічна афарбаваная і ніяк не тэхнічная назва. Назва "Авіяцыйная" адсылае да савецкай авіяцыі, часткі акупацыйнага, варожага да Беларусі, войска. Хоць, канечне, у Гомлі ёсць шмат дзясяткаў назваў куды горшых, чым гэтая.

— У нямецкім горадзе Ляйпцыгу, які раней быў часткаю ГДР, дагэтуль існуе вуліца ў імя Георгі Дзімітрава (Dimitroffstraße) і немцы неяк спакойна з гэтым жывуць, хоць іх гарады таксама праходзілі этап дэкамунізацыі і/або вяртання гістарычных назваў. У Гомлі таксама ёсць вуліца Дзімітрава, але яна пазначаная ў даследаванні як абавязковая да перайменавання. Ці няма тут супярэчнасцяў?
Пра гэта трэба пытацца немцаў. У Рызе вуліцу Дзімітрава перайменавалі яшчэ ў 1991 годзе ў гонар Яніса Чакстэ — першага прэзідэнта Латвіі. У амаль суседнім з Гомлем Кіеве вуліцы Дзімітрава няма з 2014 года — там ёй вярнулі гістарычную назву Дзелавая (Ділова). Апынулася што і ў Маскве вуліцу Дзімітрава перайменавалі яшчэ ў 1992 ды вярнулі ёй гістарычную назву "Большая Якиманка" (добра вядомая вуліца ў цэнтры).
— Наколькі даўно Вы займаецеся тэмай беларускай гарадской тапанімікі і чаму яна настолькі важная?
Тэматыка дэсаветызацыі, асэнсавання гісторыі мне па маёй грамадскай дзейнасці блізкая ўжо цягам пары дзесяцігоддзяў. Я аўтар дзвюх кнігаў па гісторыі XX стагоддзя, быў удзельнікам шматлікіх беларускіх асветніцкіх ініцыятываў. Для канкрэтна майго тапанімічнага даследвання дастаткова агульнай эрудыцыі, інтэлектуальнай сумленнасці і жадання. Не трэба быць акадэмічным гісторыкам, каб даведацца, хто такія Іван Ланге ці Пётр Бельчанка і сфармаваць абгрунтаванае меркаванне аб тым, ці заслугоўваюць яны, каб вуліцы насілі назвы ў іхны гонар.
Гэта пытанне не навуковае, а грамадска-палітычнае. Стаўленне да савецкай эпохі — гэта пытанне не гісторыі, а палітыкі, прычым палітыкі цяперашняй, актуальнай. Гэта пытанне выбару каштоўнасных арыенціраў беларускага грамадства. І гэтым займацца павінны не вучоныя ў закрытых кабінетах, а ўсё грамадства.
Працу над гэтым праектам я пачаў прыкадна паўтара гады таму, з таго часу правёў даследванне па ўсіх абласных цэнтрах Беларусі, пачынаючы з Мінску. Даследванне па Гомлі завяршае гэты этап.
— Якіх мэтаў і вынікаў хацелася б дасягнуць?
Маёй мэтай было зрабіць агляд саветызаванасці тапаніміі беларускіх гарадоў — прычым апублікаваць не толькі абагульненыя вынікі, як гэта рабілі іншыя даследчыкі, а падрабязныя табліцы з канкрэтным разборам канкрэтных назваў. Гэта дазволіць ініцыяваць больш змястоўнае і сумленнае грамадскае абмеркаванне, а таксама можа зрабіць гэтае даследванне практычнай напрацоўкай, якую маглі б выкарыстаць будучыя гарадскія і нацыянальныя ўлады, калі дойдзе справа да практычнай дэсаветызацыі гарадской прасторы.
— Чаму тэма савецкай або расійска-імперскай спадчыны ў назвах нашых вуліц настолькі важная зараз?
Мы, жыхары постсавецкай прасторы, кожны дзень ходзім па вуліцах, якія названыя ў гонар людзей, якія гэтага не заслугоўваюць і якія ўвасабляюць бесчалавечны савецкі рэжым. Я нарадзіўся й больш за ўсё пражыў у Маскве, дзе дагэтуль ёсьць Ленінскі праспект, праспект Андропава, Войкаўскія праезды і гэтак далей.
У Беларусі, адкуль палова маіх продкаў і з якой звязана 25 гадоў маёй грамадскай і палітычнай дзейнасці, сітуацыя яшчэ горшая: камуністычны рэжым быў тут яшчэ больш відавочным злом, і гэтае зло яшчэ больш яскрава застаецца непакараным, яшчэ больш застаецца часткай дзяржаўнай ідэалогіі. Аднак пры гэтым я не перастаю верыць, што ў Беларусі ёсьць нашмат большыя, чым у Расіі, шанцы на тое, што атрымаецца дамагчыся зменаў у гэтым.
Я грамадзянін і патрыёт Латвіі, і ў нас з савецкай спадчынай разабраліся рашуча і правільна: нядаўна нават знесьлі савецкую "святая святых" — брэжнеўскі прапагандысцкі помнік савецкім "вызваліцелям" Латвіі ў Другой Сусветнай вайне. На мой погляд, з мастацкага пункту гледжання той помнік, можа, трохі і шкада, але ідэйная шкода ад яго была непараўнальна большая, чым ягоная эстэтычная вартасць. Латвія ў 1944 годзе не была вызваленая: на месца аднаго бесчалавечнага акупанта прыйшоў іншы. У Беларусі было літаральна тое ж самае. І стаўленне да савецкай спадчыны павінна быць дакладна такое ж.
— Ці плануецца нейкі працяг гэтага даследчага праекта?
Даследваныя абласныя цэнтры, а таксама два раённых цэнтры, адкуль у мяне карані — Бяроза (гістарычная назва: Бяроза-Картузская) і Клецк. Наступны план — удасканаліць і абагульніць вынікі ў адным дакуменце.
У прынцыпе ў мяне ёсць амбіцыя і магчымасць зрабіць аналіз па ўсёй Беларусі, вобласць за вобласцю. Адначасова з колам адзінадумцаў мы цяпер разважаем над магчымымі дадатковымі фарматамі і тым, як можна было б працягнуць папулярызацыю і абмеркаванне гэтай тэмы.