Гомельскі краязнаўца Пятро Цалка, вядомы як экскурсавод і былы дырэктар Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Фёдара Шклярава, адкрыў унікальную ўстанову. Гэта кавярня «Арт-Ветка», што месціцца побач з музеем, якім кіраваў Пятро — на Краснай плошчы ў Ветцы.
Гэта адзін з нешматлікіх пазітыўных прыкладаў творчай і бізнес-актыўнасці ў сучасных умовах на Гомельшчыне.

Фота: «Голас Веткаўшчыны»
Інтэрв'ю з Пятром з'явілася ў раённай газеце «Голас Веткаўшчыны», у якім ён распавёў пра праект. Флагшток выбраў галоўнае з матэрыялу.
Кавярня стала своеасаблівай прасторай, сапраўдным цэнтрам захавання мясцовай традыцыйнай культуры. Паводле Пятра, цікавосткай, без якой бізнес не зможа ўстойліва працаваць, ён абраў тэму традыцыйнай культуры і багатую гісторыю веткаўскіх старавераў, а адным з ключавых момантаў стала тэма пернікаў:
«Я даўно займаюся вывучэннем традыцыйнай культуры, а кулінарны код у культуры — гэта не толькі цікава, але і вельмі смачна. Як у любой справе, усё пачынаецца з вывучэння старых крыніц. У нашым выпадку гэта праца Івана Абрамава «Стараверы на Ветцы» апублікаваная ў часопісе «Жывая даўніна» ў 1907 годзе. Менавіта там я сустрэў упершыню згадкі пра «Веткаўскія пернікі».
Цяпер у кавярні адбываюцца майстар-класы па гатаванню пернікаў:
«Мы растопліваем мёд, робім з яго сіроп, дадаем спецыі — «сухія духі», алей, яйкі, разрыхляльнік, муку. Усё гэта заварваецца, «выбіваецца», затым фармуюцца і выпякаюцца пернікі. Важная асаблівасць спажывання пернікаў — травяная гарбата з самавару на вуглях, які пілі стараверы. Мы аднаўляем і гэта, каб перадаць атмасферу старадаўняй традыцыі».

Цяпер у кавярні адбываюцца майстар-класы па гатаванню пернікаў. Фота: «Голас Веткаўшчыны»
У далейшых планах Пятра — працягваць вывучаць культуру Веткі і дзяліцца сваімі адкрыццямі:
«Займуся распрацоўкай і стварэннем новых турыстычных маршрутаў па помніках гісторыі, культуры і прыроды Веткаўшчыны. Нам ёсць чым ганарыцца і што паказаць гасцям. Магчыма, у найбліжэйшай будучыні ў Ветцы з'явіцца і аграсядзіба «АРТ-Ветка», дзе ў адноўленых старадаўніх дамах удасца ўзнавіць купецкі побыт, каб госці маглі не толькі атрымаць асалоду ад гасціннасці, але і акунуцца ў атмасферу мінулага. У Ветцы ёсць гатэль, але хацелася б, каб людзі маглі спыніцца ў сапраўдных драўляных дамах з разьбяной ліштвой і адчуць сябе часткай гісторыі».