Сельскагаспадарчыя працы на могілках прывялі да чаканай знаходкі. Чыноўнікі сцвярджаюць, што выпадак унікальны

| Гісторыя

У вёсцы Алексічы Хойніцкага раёна падчас сельскагаспадарчых прац быў выяўлены склеп шляхецкага роду Аскеркаў.


фота: Хойніцкія навіны


Аб тым, што сельскагаспадарчыя працы вядуцца фактычна на могілках, мясцовыя жыхары маглі здагадвацца. Яшчэ ў 2019 годзе недалёк ад выяўленага склепа была знойдзена надмагільная пліта XIX стагоддзя, надпісы на якай сведчылі, што яна калісьці размяшчалася на пахаваннях шляхецкага роду Аскеркаў. Тады на месца выехалі музейшчыкі, абследавалі пліту. Было зроблена заключэнне, што яна мае каштоўнасць. Але замест таго, каб працягнуць даследаванне тэрыторыі, мясцовыя ўлады прынялі рашэнне аднавіць сельскагаспадарчыя працы.





Калі сёлета трактарыст ускрыў тэхнікай склеп, чыноўнік ад упраўлення ідэалагічнай работы і культуры Гомельскага аблвыканкама Сяргей Разанаў заявіў:

«Для нашай вобласці гэта, можа быць, унікальны нехарактэрны выпадак. Таму што такіх артэфактаў у нас няма».

На жаль, гомельскі ідэолаг з упраўлення зусім не ведае гісторыю Гомельскай вобласці, акрамя той, што звязана з падзеямі Другой сусветнай вайны. Выпадак, які адбыўся ў вёсцы Алексічы Хойніцкага раёна, зусім не ўнікальны.

У Гомельскай вобласці ў савецкія часы даволі часта адбываліся выпадкі рабавання бальшавікамі пахаванняў вядомых заможных сем'яў. Шмат якія крыніцы сведчаць, што такая практыка нават заахвочвалася савецкімі ўладамі: дзеянні вандалаў трактаваліся як працяг класавай барацьбы, разарэнне заможных паноў-прыгнятальнікаў на карысць народу. Таму ў правядзенні сельскагаспадарчых працаў на шляхецкіх могілках бальшавікі не бачылі нічога кепскага. Відаць, чыноўнікі не бачаць праблем і сёння.

Шмат якія гісторыі знішчэння пахаванняў і іх нечаканага выяўлення заслугоўваюць асобнай увагі. Можна хаця б прыгадаць падобны выпадак, які адбыўся ў тым жа Хойніцкім раёне недалёк ад вёскі Алексічы.

У 1965 годзе ў Хойніках падчас земляных работ на старых могілках было знішчана пахаванне. Тады пад зрэзаным бульдозерам слоем зямлі была знойдзена труна, у якой ляжала бутля з эпітафіяй:

«Турэмны і тыранскі лёс, які ўтрымліваў мяне ў жорсткай няволі за інтарэсы радзімы, не дазволіў мне раней аддаць табе апошні доўг. Страціўшы цябе, я і дзеці мае агарнуліся вечным і бясконцым смуткам...»






Такія словы адрасаваў сваёй жонцы-нябожчыцы вядомы дзеяч Рэчы Паспалітай Караль Прозар.

Шляхціц паходзіў з Хойнікаў, дзе знаходзіўся яго маёнтак. Караль Прозар нават прэтэндаваў на ролю кіраўніка паўстання, якое ўспыхнула ў Рэчы Паспалітай у 1794 годзе. Але ў гэтай справе саступіў свайму больш дасведчанаму сябру Тадэвушу Касцюшку.

Пасля падаўлення паўстання Караль Прозар быў сасланы ў Сібір і вярнуўся на радзіму ў 1802 годзе. Але ў 1826 годзе яго зноўку арыштавалі і заключылі ў Петрапаўлаўскую вязніцу з-за ўдзелу ў таемных патрыятычных таварыствах. Тым часам яго жонка Людвіга спрабавала дамагчыся вызвалення мужа і нават рушыла ў Варшаву, дзе, як яна думала, маглі ўтрымліваць Караля. Але далей Берасця яе не пусцілі. Там яна і памерла.



Курган Людвігі ў Хойніках


У 1829 годзе Караля Прозара вызвалілі. Вярнуўшыся на радзіму, ён даведаўся пра смерць сваёй каханай Людвігі. Караль перапахаваў яе ля капліцы на родавых могілках у Хойніках, дзе насыпаў у яе гонар курган.


Капліца на могілках у Хойніках, 1912 год


Разрабаваныя могілкі, раскіданыя надмагіллі ў беларускіх вёсках часам з’яўляюцца адзіным напамінам пра мінуўшчыну, якую мэтанакіравана знішчалі савецкія ідэолагі. Часта такія незвычайныя здарэнні, калі падчас сельскагаспадарчых ці будаўнічых прац выяўляюцца гістарычныя артэфакты, падштурхоўваюць краязнаўцаў аднаўляць страчаныя звесткі. А вось да зацікаўленасці ўладаў у аднаўленні спадчыны ёсць пытанні — ці спыняць яны нарэшце сельскагаспадарчыя працы на старых могілках у Алексічах?

Флагшток


«Рвануло, а башня стоит». Кто и зачем взорвал каланчу Шабуневского на главной площади Гомеля

| Гісторыя

Краеведческий паблик «Пошукі старога Гомеля» поделился уникальными снимками процесса сноса пожарной каланчи, которая когда-то украшала главную площадь Гомеля. На фотографии попал момент взрыва и руины башни.