Да расейскага ўварвання Чарнігаў быў вядомы беларусам, як месца аднадзённага шопінгу, дзе можна закупіцца цукеркамі і гарэлкай. У 2020–2022 гадах горад для беларусаў быў фактычна закрыты (фармальна з-за антыковідных абмежаванняў). У гэты ж час былы горад-пабрацім моцна змяніўся, а па сваім добраўпарадкаванні абышоў шматлікія гарады Беларусі.
Рэдакцыя Флагштока ў 2020–2021 гадах знаходзілася ў Чарнігаве і назірала за росквітам гораду.

Калі ў Беларусі кіраўнікі гарадоў прызначаюцца асабіста Лукашэнкам, то мэры ўкраінскіх гарадоў абіраюцца самімі гараджанамі на выбарах. Такім чынам раз на 5 год гараджане могуць пераабраць ці замяніць старога гарадскога кіраўніка.
Яшчэ адным фактарам пераменаў у Чарнігаве стала дэцэнтралізацыя падатковых збораў 2016 году ва Ўкраіне. Чарнігаву гэтыя змены пайшлі на карысць — гарадскі бюджэт павялічыўся.
За апошнія гады ў Чарнігаве атрымалася рэканструяваць значную частку гарадскіх вуліц і тратуараў, прыбраць сотні кіёскаў, замяніць прыпыначныя навесы, добраўпарадкаваць ці зрабіць наноў новыя месцы рэкрэацыі. Перад вайной горад стаў прывабным не толькі для сваіх жыхароў, але і для замежных турыстаў.

Новыя навесы на прыпынках еўрапейскага тыпу. Іх у горадзе болей за сотню. Хтосьці з чарнігаўцаў іх крытыкаваў, кажучы, што яны кепска абараняюць ад ападкаў і сонца. Але на практыцы да новаўвядзення яны паставіліся вельмі акуратна — ніводнага аб'яўлення на шкляных сценах навесу знайсці было немагчыма

На такіх прыпынках усталёўваліся электронныя анлайн табло раскладу гарадскога транспарту — недасяжная тэхналогія для Гомеля

Раней чарнігаўскі гарадскі транспарт быў прадстаўлены толькі тралейбусам. Зараз канкурэнцыю яму складаюць статкі маршрутак

На галоўных вуліца Чарнігава з'явіліся сучасныя пешаходныя пераходы, зробленыя ў адным узроўні з тратуарам

У Чарнігава ёсць модныя люкі з гістарычным гербам гораду. У Беларусі сродкі на стварэнне фірмовай камунальнай атрыбутыкі вылучаць не прынята

У адпаведнасці з прынятымі стандартамі на рэканструяваных вуліцах з'явіліся роварныя поласы, выкладзеныя з пліткі

Але гараджане кажуць, што імі не заўсёды зручна карыстацца

Сучасныя формы добраўпарадкавання з'яўляюцца на любым вольным месцы і не толькі ў цэнтры Чарнігава

Тут жа была арганізавана зона адпачынку наўпрост на асфальтавым тратуары з дапамогаю лавак і клумб

А пляцоўка з трамплінамі была абсталявана наўпрост на цэнтральным бульвары

Яшчэ адно дасягнення Чарнігава — горад цалкам адмовіўся ад савецкай традыцыі фарбаваць дрэвы вапнай

І нічога кепскага не адбылося, горад зэканоміў сродкі і стаў больш эстэтычным

Яшчэ адна асаблівасць Чарнігава — зеляніна на вуліцах. У адрозненні ад Гомеля, дзе камунальнікі штогод памяншаюць колькасць вулічнай зеляніны, чарнігаўскія вуліцы пераважна зялёныя

На вуліцах, дзе старыя дрэвы выдаляюцца, камунальнікі высаджваюць дрэўцы з сфармаванай кронай

Чарнігаўскія ўлады пасля рэвалюцыі 2014 году правялі дэкамунізацыю: акрамя зносу камуністычных помнікаў, былі перайменаваныя ідэалагізаваныя назвы вуліц. У выніку шматлікім вуліцам Чарнігава былі вернутыя старыя назвы. Да гэтай справы быў распрацаваны адзіны дызайн вулічных шыльдаў

Драўлянай архітэктурай гораду займаюцца валанцёры. Яны аднаўляюць дэкор і афарбоўваюць штогод па некалькі дамоў

Да вайны Чарнігаў стаў моцным цэнтрам прыцягнення турыстаў

У выніку чаго колькасць разнастайных кавярняў у Чарнігаве неверагодная

Для турыстаў былі распрацаваны турыстычны брэнд і навігацыя па чарнігаўскіх цікавостках

Гэты стэнд паказвае, як раней выглядала царква

Падчас рэканструкцыі галоўнай плошчы Чарнігава актывісты змаглі захаваць адметнае пакрыццё з чырвонай цэглы — яно засталося ў цэнтры

Ёсць у Чарнігаве і сучасная архітэктура. На фота бачны бізнэс-цэнтр

На гэтым — адміністрацыйны будынак мясцовага касцёлу

У горадзе няма манаполіі мясцовага домабудаўнічага камбіната, у выніку жылыя дамы будуюць розныя кампаніі-забудоўшчыкі

Гэта дазваляе рабіць гарадскую забудову больш разнастайнай і акуратна ўпісваць жылыя дамы ў гарадское асяроддзе

Палітычная агітацыя да вайны ў Чарнігаве нічым не абмяжоўвалася: можна было агітаваць за каго заўгодна і як хочаш

На галоўнай плошчы супраць мясцовага гарвыканкаму можна было пабачыць нават бігборд, адрасаваны мясцовым уладам

Акцыю пратэсту гарадскіх актывістаў можна было пабачыць нават на паседжанні дэпутатаў гарадской рады. Дэпутаты і мэр, якія прайшлі праз дэмакратычныя выбары, да крытыкі ставяцца спакойна