Мёртвы горад для расейскіх вайскоўцаў. Зона адчужэння



Вёску Рудакоў Хойніцкага раёну яшчэ некалькі год таму ў беларускіх медыя называлі мёртвым горадам. Уражанне пакінутага населенага пункту стваралі закінутыя шматпавярховыя корпусы ПТУ, сялянскія хаты. Але нядаўна мясцовыя ўлады пазбавілі мёртвы горад нават ад гэтых пабудоў — амаль усё было знесена, вясковыя хаты былі закапаныя. І гэта нягледзячы на тое, што зусім непадалёк знаходзіцца Палескі радыялагічны запаведнік, куды прыязджаюць турысты, каб паглядзець на наступствы Чарнобыльскай катастрофы.



Але вось ад чаго не атрымалася пазбавіцца — гэта ад сядзібы пачатку 20 стагоддзя, на якой сёння размяшчаецца шыльда «Гісторыка-культурная каштоўнасць, ахоўваецца дзяржавай». Гэтая пабудова, ці ўжо руіны, зазнала шмат ліхалеццяў. Ад Першай сусветнай вайны да ўварвання расейскіх войск ва Украіну — усяго ў сотню метраў ад гісторыка-культурнай каштоўнасці ў 2022 годзе размясціўся расійскі палатачны лагер верталётчыкаў. 


3 і 4 серыі могуць з'явіцца дзякуючы Вашай падтрымцы!

Падтрымаць праект

Рэгулярная падтрымка канала 1142x

«Зона адчужэння» — серыя дакументальных відэа пра 
шляхецкія сядзібы ў зоне радыяцыйнага забруджвання.





Палац ў Рудакове быў пабудаваны ў 1910 годзе па праекце архітэктара Тадэвуша Раствароўскага ў стылі неабарока. Што незвычайна, будынак атрымаў гонтавы дах. Можна было б падумаць, што гэта ад эканоміі. Але сучаснікі сцвярджалі, што палац быў пабудаваны па самых сучасных прынцыпах, а яго архаічны выгляд вызначылі палітычныя і культурніцкія прыхільнасці гаспадароў маёнтку — Гелены з Аскеркаў і Станіслава Ваньковіча.





Напачатку 20 стагоддзя Рудакоў называлі культурнай пляцоўкай на даўніх рубяжах Рэчы Паспалітай з адной з самых прагрэсіўных гаспадарак краю. Маёнтак наведалі такія вядомыя дзеячы, як будучы старшыня Беларускай Народнай Рэспублікі Раман Скірмунт, вядомы мецэнат Эдвард Вайніловіч. Сяброўства з такімі людзьмі сведчыць аб прыхільнасці ўладальніка маёнтку да беларускага краю. Зрэшты, Станіслаў Ваньковіч быў чальцом Краёвай партыі Літвы і Беларусі, якая вызнавала Беларусь спадкаемцай Вялікага Княства Літоўскага.




3D рэканструкцыя: Street_Wind_


Апошнім уладальнікам Рудакова быў сын Станіслава Ваньковіча — таксама Станіслаў. Наколькі быў заможны яго маёнтак, гавораць паслярэвалюцыйныя ўспаміны архітэктара Тадэвуша Раствароўскага:

22 сакавіка 1920 года: «...Сёння вечарам я сустрэўся з панам Ваньковічам, які год ці два таму меў 30 тысяч дзесяцінаў, некалькі аўтамабіляў, карабель на Прыпяці для экскурсій і палявання, 100 коней у стайні. А сёння ён жабрак і жыве з міласці сяброў, бо вайна забрала ў яго землі, машыны і коней...»


3D візуалізацыі сядзібы: Street_Wind_


У савецкія часы будынак палацу захаваўся. Быў надбудаваны другі паверх. У былым палацы размясцілася тэхнічная вучэльня, якая часткова была эвакуявана ў Хойнікі пасля Чарнобыльскай катастрофы.




Рудакоў жа апынуўся на мяжы 30 кіламетровай зоны адсялення каля Чарнобыльскай АЭС. Вёска таксама была забруджаная радыяцыяй і атрымала статус “з правам на адсяленне”. Але вяскоўцы не пакінулі Рудакоў. У 2004 годзе тут пражывала 103 жыхара.



На спадарожнікавых здымках за 17 сакавіка 2022 года ImageSat International паказалі месца ў Рудакове,
дзе размясцілася база расейскіх вайскоўцаў з 13 намётамі і 13 верталётамі


З часам улады вырашылі, што радыяцыі стала меней і змянілі статус забруджвання на зону пражывання з перыядычным радыяцыйным кантролем. Але Рудакоў гэта не выратавала, сёння ніхто тут не жыве: ці то з-за радыяцыі, ці то з-за звычайнага вымірання беларускай вёскі. Апошнімі жыхарамі тут былі толькі расейскія вайскоўцы, якіх хапіла меней чым на тры месяцы.