Флагшток Гомельскае медыя Флагшток паўстала ў 2020 годзе

Гомельскае медыя Флагшток паўстала ў 2020 годзе дзякуючы грамадскай ініцыятыве, якая выступіла супраць будаўніцтва ў Гомелі 60-мятровага флагштока за паўмільёна даляраў. Па меркаванні чыноўнікаў, металічная палка павінна была стаць сімвалам патрыятызму гараджанаў і дзяржаўнай улады. Але ў выніку 60-метровы «шампур» стаў мемам, які сёння нагадвае пра карупцыю, самадурства чыноўнікаў і змаганне гараджанаў за свае правы і свабоды.



З таго часу адбылося шмат падзей: наша медыя з урбаністычнага рэсурсу ператварылася ў самадастатковае СМІ, якое асвятляе самыя рэзанансныя падзеі рэгіёна, робіць журналісцкія расследаванні. Мы асвятлялі пратэсты гараджанаў супраць фальсіфікацыі выбараў у 2020 годзе. З 2022 года мы сталі адной з галоўных крыніц інфармацыі, якая асвятляе падзеі, звязаныя з вайсковай актыўнасцю на Гомельшчыне. Таксама адна з любімых рубрык нашых чытачоў — трэш ад гомельскіх чыноўнікаў. Так, мы ўсё ведаем пра нашых чыноўнікаў! А яны таксама любяць наш праект. Магчыма, таму яны нас рэгулярна блакуюць і надаюць Флагштоку розныя экстрэмісцкія статусы.

Больш падрабязнасцяў пра гісторыю медыя — у нашым спецпраекце.


Гена не змог!



Як у чыноўнікаў нарадзілася ідэя пабудовы ў Гомелі 60-мятровай палкі з дзяржаўным сцягам, добра распавядае песня блогера Андрэя Павука "Гена змог". Яна была створана на пазітыўнай хвалі, калі гомельскія чыноўнікі пад ціскам гараджанаў адмовіліся ад будоўлі. Але часова.

Калі коратка, для тых хто не з Гомеля, Уладзімір Дворнік — гэта старшыня Гомельскага аблвыканкама ў 2019 годзе. Менавіта яму належаць ідэі такіх абсурдных нашумелых горадабудаўнічых пракктаў, як прыбіральня на набярэжнай Гомеля «за мільён даляраў», кольцы на Кірава. Таксама Уладзімір Дворнік прыдумаў перад сваім сыходам флагшток. Гараджанам як заўсёды ніякай інфармацыі не паведамлялася. Але праз тэндары атрымалася даведацца, што гэты горадабудаўнічы цуд (толькі першы этап будаўніцтва) будзе каштаваць больш за 700 тысяч даляраў (потым кошт упаў з-за дэвальвацыі рубля).


Гена — гэта наступны старшыня Гомельскага аблвыканкама — Генадзь Салавей. Ён чалавек больш чуллівы да грамадскай думкі і доўга сумняваўся ў рацыянальнасці такіх вялізных выдаткаў на металічную палку.


Сітуацыя стала нават камічнай. Пад ціскам гараджанаў будаўніцтва флагштока некалькі разоў спынялася і некалькі разоў аднаўлялася. Будаўнічая тэхніка то прыязджала, то цалкам пакідала пляцоўку. Але ўся праблема была ў тым, што металічны шампур чыноўнікі набылі яшчэ да будаўніцтва і правядзення ўсіх тэндараў. Куды яго дзяваць у выпадку адмены будоўлі?


Увогуле, будаўніцтва распачалося ў гістарычнай зоне, дзе па законе ўзводзіць такія аб'екты проста забаронена.


Усё скончылася тым, што ў верасні 2020 года ўлады фактычна падавілі пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў. А змагацца супраць флагштока ў гараджанаў проста не засталося сілаў. Напрыканцы верасня ўлады правялі таемнае мерапрыемства, на якім для запрошаных гасцей адкрылі скандальны флагшток. Але на гэтым яго гісторыя не скончылася.







Пратэсты 2020 года і вайна ва Украіне


У 2020 годзе наша медыя актыўна асвятляла ўсе падзеі, звязаныя з выбарамі прэзідэнта. Мы вывучалі настроі людзей падчас збору подпісаў за кандыдатаў. Мы нават былі на праўладным збору подпісаў чыноўнікаў і дзяржслужбоўцаў за Лукашэнку. Мы былі амаль на ўсіх акцыях пратэстаў грамадзянаў супраць фальсіфікацыі выбараў і зафіксавалі ўсе гэтыя гістарычныя падзеі. За гэта Тэлеграм-канал Флагштока атрымаў экстрэмісцкі статус ад уладаў. Прычым, наша медыя атрымала такі статус першым сярод беларускіх незалежных СМІ. 


З 2021 года Гомельшчына стала пастаўшчыком самых негатыўных навінаў Беларусі. Мы насцярожана сачылі за з'яўленнем тут расейскіх вайскоўцаў. А калі РФ уварвалася ва Украіну праз тэрыторыю Гомельшчыны, наша медыя здабывала эксклюзіўную інфармацыю пра перамяшчэнне войскаў да мяжы, пра стварэнне вайсковай інфраструктуры, пра пускі ракет і ўсё новыя калоны вайсковай тэхнікі.


Напрыклад, яшчэ перад пачаткам вайны мы першыя заўважылі, што стары вайсковы аэрадром у Зябраўцы рыхтуецца пад вайсковую актыўнасць. У той жа дзень, калі выйшла расследаванне на гэтую тэму, наш сайт быў заблакаваны. 


Флагшток паведамляў пра змены, якія адбываліся на Гомельскім аэрадроме: пастаўкі вайсковай зброі УС РФ, перамяшчэнне расейскіх раненых, пускі беспілотнікаў для бамбавання Украіны і інш. Мы падалі інфармацыю аб тым, што ў гомельскі РНПЦ даставілі расейскіх вайскоўцаў, якія атакавалі Чарнобыль, з прыкметамі прамянёвай хваробы пасля адступлення РФ з паўночных тэрыторый Украіны. А гэта да сёння малавядомы факт. 

За гэта ўсё Флагшток атрымаў ад беларускага КДБ статус экстрэмісцкага фармавання. Наша медыя зноўку стала першым сярод незалежных СМІ, якое атрымала такі статус.

Сёння мы працягваем сачыць за вайсковай актыўнасцю — каб першымі даведацца, ці не збіраюцца дыктатары чарговы раз скарыстацца Гомельшчынай для нападу на Украіну. Таксама прыглядаем за расейскімі беспілотнікамі, якія з нядаўняга часу даволі часта падаюць на гарады і вёскі Гомельшчыны.


Дэананімізацыя праўладных каналаў


Праўладныя ананімныя каналы любяць чытаць Флагшток і пісаць пра Флагшток, а мы любім дэананімізаваць гэтыя каналы. Адно з нашых журналісцкіх расследаванняў было прысвечана раскрыццю асобы кіраўніка ананімнага канала Гомельскага аблвыканкаму. Гаворка ідзе аб Тэлеграм-канале і групе Укантакце «Гаворыць Гомель. Гомельшчына». На гэтым інфармацыйным рэсурсе большасць публікацый накіравана супраць апанентаў рэжыму Лукашэнкі. Пры гэтым аўтар публікацый, які падпісваўся як Hejter, робіць гэта на мове нянавісці, звяртаецца да падтасоўкі фактаў і відавочных фэйкаў.

Адмінам аказаўся ідэолаг Гомельскага аблвыканаму — Дзмітры Ісачанка. Каб усталяваць уладальніка тэлеграм-канала, які падпісваў свае публікацыі імем Hejter, мы знайшлі гэтага карыстальніка ў падпісчыках Тг-канала Флагштока з публічным адрасам @dimisss90. Запыт у спецыяльны бот паказаў, што першапачаткова гэты акаўнт быў зарэгістраваны ў чэрвені 2020 года пад імем «Дзмітрый І» з публічным адрасам @dmitriiisa4enko.

Яшчэ больш агрэсіўная сетка каналаў "Гомель против" была раскрыта ў 2023 годзе ўсяго толькі дзякуючы аднаму фотаздымку, зробленага з акна кватэры. Праз падказку Кіберпартызанаў атрымалася даведацца, што ў кватэры прапісаны супрацоўнік КДБ Яўген Бажок. Супаставіўшы ўсе факты стала зразумела, што менавіта ён з'яўляецца адміністратарам таксічных паблікаў, якія цкавалі грамадскіх актывістаў і незалежных журналістаў Гомеля. 



Флагшток працягвае працаваць для беларусаў, якія жывуць у Беларусі, шукаць інфармацыю, якую хаваюць улады, і праліваць свет на незразумелыя падзеі ў Гомелі і Гомельскай вобласці. Мы ўдзячныя нашым чытачам за ўвагу, кім бы яны не былі — гараджане, вясковыя жыхары ці нават чыноўнікі і дзяржслужбоўцы. Мы працуем, каб вы былі ў курсе ўсіх падзей, якія ад вас хаваюць.